У Гаазе прызналі М'янму вінаватай у генацыдзе народа рахінджа
Міжнародны суд ААН у Гаазе вынес гістарычнае рашэнне, упершыню за час свайго існавання прызнаўшы цэлую дзяржаву адказнай за генацыд. Суд пастанавіў, што ўлады М’янмы здзейснілі генацыд у дачыненні да мусульманскай меншасці рахінджа на поўначы штата Ракхайн, піша Euronews.
Бежанцы рахінджа на мяжы М'янмы з Бангладэш у лістападзе 2017 года. Фота: AP Photo/Bernat Armangue
Старшыня суда Юдзі Івасава заявіў, што Рэспубліка Саюз М’янма парушыла свае абавязацельствы паводле Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.
Суд абавязаў М’янму выплаціць пацярпелым кампенсацыі за шкоду, якую немагчыма выправіць іншымі спосабамі. Акрамя таго, краіна павінна расследаваць жорсткую кампанію 2017 года, выявіць усіх, хто спрыяў здзяйсненню генацыду, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Генеральная сакратарка Amnesty International Агнес Каламар назвала рашэнне суда адназначным і гістарычным. Па яе словах, пасля многіх гадоў адмаўлення, замоўчвання праўды і беспакаранасці гэта рашэнне стала аўтарытэтным прызнаннем злачынстваў супраць рахінджа і рэдкім момантам справядлівасці для тых, хто выжыў, ахвяр і іх сем'яў.
Праваабаронцы разглядаюць вердыкт як важны крок да аднаўлення справядлівасці пасля шматгадовай беспакаранасці за злачынствы супраць гэтай этнічнай і рэлігійнай меншасці.
Рахінджа — гэта этнічная меншасць, пераважна мусульмане-суніты, якія гістарычна жывуць у штаце Ракхайн (Аракан) на захадзе М’янмы. Яны маюць уласную мову і культуру, аднак улады М’янмы, дзе дамінуе будысцкая большасць, лічаць іх нелегальнымі мігрантамі з Бангладэш і адмаўляюць ім у грамадзянстве з 1982 года.
Дзесяцігоддзямі рахінджа цярпелі ад сістэмнай дыскрымінацыі, абмежаванняў на перамяшчэнне, шлюбы і доступ да адукацыі, а таксама перыядычных успышак гвалту.
У жніўні 2017 года ў адказ на напады паўстанцаў з групоўкі «Армія выратавання рахінджа Аракана» (ARSA) на паліцэйскія пасты армія М’янмы распачала маштабную «аперацыю зачысткі». Падчас яе вайскоўцы і мясцовыя баевікі спалілі сотні вёсак.
Паводле даных праваабаронцаў і ААН, тады загінулі тысячы (па некаторых ацэнках — больш за 24 000) мірных жыхароў, зафіксаваныя масавыя забойствы, катаванні і сістэматычны сэксуальны гвалт. Больш за 700 000 чалавек былі вымушаныя ўцячы ў суседні Бангладэш. Сёння каля мільёна рахінджа жывуць у найбуйнейшым у свеце лагеры бежанцаў Кокс-Базар у цяжкіх гуманітарных умовах.
ААН назвала гэтыя падзеі «класічным прыкладам этнічнай чысткі».
Чытайце таксама:
М’янма: што адбываецца, калі сілавікі робяцца ўладнай кастай
Аунг Сан Су Чжы публічна асудзіла гвалт супраць мусульман у М'янме
Генеральны сакратар ААН даў М’янме «апошні шанец» спыніць крызіс з мусульнамамі-рахіджа
Цяжкасці перакладу і духоўныя франшызы: будысты супраць мусульман