«Мы будзем памятаць яе маладой» і «Гэта ж Дзмітры Рабаў!» Што яшчэ людзі пішуць пра новую версію «Быхаўскай мадонны»?
Публікацыя «Нашай Нівы», што выклікала грамадны рэзананс, дайшла і да ўладаў Магілёўшчыны. Яны запатрабавалі ад аўтара перарабіць гранітную скульптуру «Жанчыны-маці» ў Быхаве. Ён сапраўды яе абтачыў наноў. Што думаюць людзі пра новы варыянт? Сабралі самыя залайканыя меркаванні.
Скульптуру «Жанчыне-маці» да Года беларускай жанчыны адкрылі ў Быхаве да Дня кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз дзіўны твар, адсутнасць шыі і непрапарцыйную постаць праца магілёўскага скульптара Аляксандра Мінькова стала аб'ектам смеху. У гэтай постаці людзі пабачылі сімвал дэградацыі беларускай культуры пры дыктатуры Лукашэнкі.
Схамянуліся і ўлады. Аўтару загадалі перарабіць гранітную постаць. Вынік пераробкі выклікаў новую хвалю абмеркавання ў сацыяльных сетках.
«Быхаўскую Мадонну перарабілі. У Быхаўскую бабулю. Жыццё ў нашых жанчын вядома, вельмі няпростае, але не настолькі ж усё дрэнна?» Гэты допіс беларускі сабраў пад 1200 падабаек.
Тое, што жанчына візуальна пастарэла, адзначаюць многія каментатары: «справа жанчына — злева бабуля».
Беларусы таксама пытаюцца, чаму беларуская жанчына павінна выглядаць «як ахвяра савецкага дэфіцыту», у «шмотках пачатку 60‑х гадоў, якія яна сама перашыла з мяхоў».
«Прыкладна так я выглядаю пад канец гэтага неймавернага года жанчыны» — жартуе яшчэ адна з каментатарак, 413 лайкаў.
Іншы дадае, што скульптура «стала сімвалам шматпакутных жанчын, затое ў горадзе будзе што расказаць».
Іншы папулярны жарт — што гэта першая жанчына-помнік, якая зрабіла пластыку.
«А цяпер выварат вачэй, як пасля няўдалай блефарапластыкі», — прыкмячае іншы.
Яшчэ заўважылі, што, «рамантуючы» шыю, скульптар, падобна, зачапіў вуха. І мочка цяпер пачынаецца на ўзроўні броваў:
«Ад Мікеланджэла да Пікаса адным рухам балгаркі».
«Цяпер больш жа бабулі падобная, неяк пастарэла», — так мяркуе большасць. Тлумачэнні знаходзяць жыццёвыя: у Беларусі для жанчын «год за сем ідзе», таму «Венера Быхаўская» паспела састарэць, пакуль майстар пераробліваў.
Ёсць і тыя, хто лічыць, што жанчына ў выніку пераробкі стала падобная да мужчыны.
«Як крута быхаўскі геній змог перадаць твар Дзмітрыя Рабава! У захапленні!» — заўважае чалавек у трэдсах.
Іншы каментатар адзначае падабенства з Уладзімірам Караткевічам.
Яшчэ больш дасталося хлопчыку, якога маці трымае за руку. Каментатары лічаць, што ў яго «ацёк Квінке і яму патрэбная дапамога», а пасля дапрацоўкі ён увогуле ператварыўся ў старога.
«Навошта было хлопчыка ў дзядулю перарабляць?» — пытаюцца пад пастамі.
«Калі добра прыгледзецца, то побач з ёй якраз дзядуля, проста значна ніжэйшы ростам. Няпросты лёс у пары…», — заўважаюць іншыя.
«Бедны камень», «ён такога не заслужыў», «мільёны гадоў праляжала, каб вось так з ёй некалькі разоў», — пішуць іншыя.
Нехта раіць пусціць «шэдэўр» на крошку, бо «ў выглядзе крошкі граніт таксама добры».
Чорны пакет, якім накрылі скульптуру, многія палічылі найлепшым рашэннем. Так адным з самых папулярных каментароў стала прапанова: «Дык, можа, з пакетам і пакінуць на ўсякі выпадак?»
«Самае правільнае, што зрабілі, гэта накрылі чорным пакетам», — згаджаюцца іншыя. «З пакетам на галаве, можа, і пойдзе».
Беларусы называюць скульптара «бракаробам і двоечнікам», заўважаюць, што ён здолеў выправіць «з двойкі на слабую тройку». І іранізуюць: «можа ж ГОРШ, калі захоча».
Найбольш трапныя ацэнкі прагучалі па-беларуску:
«Кажуць: і так гаўно, і так насрата», «Бог ведае, у каго ты такі ўдаўся — ні чорту качарга, ні Богу свечка», «Не будзе Гіршы — будзе чорт іншы».
Навіну, што скульптуру хочуць выкупіць, многія ўспрынялі з палёгкай:
«Хай бы ён лепш сабе яе пакінуў», «прадавайце, пакуль гатовыя забраць», «хоць бы выкупілі».
Праўда, не ўсе згубілі надзею. Нехта ўпэўнены, што прагрэс можа працягнуцца: «Было вельмі дрэнна, а стала дрэнна. Яшчэ 2‑3 ітэрацыі, і будзе добра».
А самы залайканы каментар з усіх прагледжаных намі: «Мы будзем помніць яе маладой».