Пуцін заклікаў украінцаў пераходзіць «на правільны бок гісторыі»
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў украінцаў перайсці на «правільны бок гісторыі» і аб’яднацца з расіянамі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю сербскаму рэжысёру Эміру Кустурыцу для фільма «Наша хрышчэнне. Прадстаяцель», знятага да 80‑годдзя патрыярха Кірыла, піша The Moscow Times.
Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
Па словах Пуціна, у двух народаў ёсць «агульныя мэты», а дзеля моцнай і паспяховай будучыні, у тым ліку будучыні дзяцей, яны павінны быць разам.
«Пераходзьце на наш бок, бо ён з’яўляецца нашым агульным бокам», — заявіў расійскі палітык.
Ён не ўпершыню гаворыць пра «адзінства» расіян і ўкраінцаў, нягледзячы на вайну, якую Расія вядзе супраць Украіны амаль пяць гадоў і ў выніку якой загінулі сотні тысяч людзей, а ўкраінскія гарады і вёскі рэгулярна падвяргаюцца бамбардзіроўкам.
Паводле справаздачы ААН ад 17 лістапада 2026 года, з лютага 2022 года пацверджаная гібель 17 994 мірных жыхароў Украіны, яшчэ 57 854 чалавекі атрымалі раненні. Рэальная колькасць ахвяр значна большая, паколькі ААН не мае доступу да акупаваных Расіяй тэрыторый.
Паводле ліпеньскай ацэнкі амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), ва Украіне маглі загінуць ад 125 да 150 тысяч вайскоўцаў. Агульныя страты ўкраінскага боку, уключаючы параненых і зніклых без вестак, аналітыкі ацэньваюць у 525—625 тысяч чалавек.
У тым жа інтэрв’ю Пуцін заявіў, што заходнія краіны выкарыстоўваюць стратэгію «падзяляй і ўладар», каб аслабіць Расію і знізіць яе патэнцыял. Паводле яго слоў, расійскае грамадства гэта разумее, і ён бачыць такое стаўленне ў настроях насельніцтва.
Чытайце таксама:
Трамп заявіў еўрапейскім лідарам і Зяленскаму, што Пуцін імкнецца да міру
«Пуцін і Сі нам не сябры». Як на Захадзе рэагуюць на саміт Трампа ў Шэньджэні
Зяць Трампа паведаміў, што Пуцін згодны на гарантыі Украіне паводле прынцыпу пятага артыкула НАТА
«А што дрэннага было ў Ялце?» Пуціна спыталі пра «новую Ялту»