«Пуцін і Сі нам не сябры». Як на Захадзе рэагуюць на саміт Трампа ў Шэньджэні
У кітайскім Шэньджэні адбылася першая ў гісторыі сустрэча лідараў Расіі, Кітая і ЗША. Па яе выніках бакі апублікавалі «Дэкларацыю аб міры», у якой не згадваліся ні Украіна, ні Іран, затое гаварылася пра рэформу ААН і Міжнародны крымінальны суд. Як у заходнім свеце адрэагавалі на сустрэчу Дональда Трампа, Уладзіміра Пуціна і Сі Дзіньпіна, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Самі ўдзельнікі сустрэчы ацанілі яе станоўча. Кіраўнік Кітая Сі Дзіньпін назваў яе «пазітыўнай, канструктыўнай і выніковай». Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адзначыў, што кітайскаму лідару «ўдалося стварыць такую атмасферу, што пачаўся свабодны абмен думкамі па некаторых пытаннях, якія ўяўляюць агульную ўзаемную цікавасць». Дональд Трамп у інтэрв’ю NBC ацаніў сустрэчу на «12 балаў з 10».
Еўрапейская рэакцыя
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы Кааліцыі ахвотных у Берліне, якая таксама адбылася ў чацвер, заявіў, што «Ялцінскі фармат не прынясе міру ў Еўропу», і назваў трохбаковую сустрэчу ў Шэньджэні «фотасесіяй».
Лідары Еўрасаюза пакуль не каментавалі сустрэчу. У Еўракамісіі на рэгулярным брыфінгу з журналістамі, які адбыўся праз некалькі хвілін пасля публікацыі дэкларацыі трох краін, адмовіліся каментаваць дакумент. Прадстаўнік дыпламатычнай службы Крысціян Віганда толькі адзначыў, што Еўрасаюз падтрымлівае ААН (і рэформы, прапанаваныя генеральным сакратаром Антоніу Гутэрышам) і Міжнародны крымінальны суд.
«Мы не каментуем сяброўства», — дадала прэс-сакратарка Еўракамісіі Паўла Пінью, адказваючы на пытанне журналісткі «Інтэрфакс-Украіна» пра тое, як Трамп прывітаў Пуціна.
«Гэта мой сябар», — сказаў прэзідэнт ЗША, сустрэўшыся з расійскім калегам у Шэньджэні. Сі Дзіньпіна Трамп таксама назваў сваім сябрам, з якім у яго «вельмі асаблівыя адносіны».
«Сяброўства» Пуціна і Трампа выклікала не менш каментароў, чым выніковая дэкларацыя сустрэчы.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, напрыклад, падкрэсліў, што «нават калі прэзідэнт Трамп лічыць прэзідэнта Пуціна сваім сябрам, прынцып «сябар майго сябра — мой сябар», без сумневу, у гэтым выпадку не дзейнічае».
Амерыканскія заканадаўцы ад абедзвюх партый з раздражненнем адрэагавалі на цёплыя словы Дональда Трампа ў адрас геапалітычных праціўнікаў ЗША.
«Мяне падбадзёрылі абавязацельствы, якія вынікаюць з сустрэч прэзідэнта ў Азіі, і асабліва прызнанне таго, што ядзерная вайна ніколі не павінна пачацца», — напісаў у электронным лісце Бі-бі-сі сенатар-рэспубліканец ад штата Юта Джон Кёрціс.
Разам з тым, дадаў ён, «Уладзімір Пуцін і Сі Цзіньпін нам не сябры».
«Мы не павінны ставіцца да іх так, быццам яны падзяляюць нашы каштоўнасці і інтарэсы. Гэта стварыла б рызыку падарваць нашу нацыянальную бяспеку, аслабіць давер нашых саюзнікаў і падаць ілжывы сігнал пра пазіцыю Амерыкі», — дадаў ён.
Дэмакратка Джын Шахін, якая цяпер узначальвае меншасць у камітэце Сената па замежных справах (са студзеня дэмакраты будуць мець у гэтым камітэце большасць), выказалася яшчэ больш рэзка.
«Сябар» прэзідэнта Трампа — ваенны злачынец і забойца», — напісала яна ў X, маючы на ўвазе Уладзіміра Пуціна.
МКС, ААН і імідж
«Супраціўленне міжнародным нормам і судам — найбольш цікавы аспект [дэкларацыі]. Вялікія дзяржавы дыктуюць умовы, а малыя пакутуюць», — пракаментаваў Reuters Джонатан Эял з Каралеўскага аб’яднанага інстытута абаронных даследаванняў.
Пуцін, дадаў ён, «набыў большую пераканаўчасць і пазбег статусу ізгоя», тады як Трампу дасталася «фотасесія, у якой ён не меў патрэбы».
Дональд Трамп адправіўся на трохбаковую сустрэчу з невялікім парадкам дня і без відавочных пытанняў і, відаць, мала чаго ад яе атрымаў, адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Вашынгтоне Энтані Зуркер.
«Пампезнасць і ўрачыстасць у рэшце рэшт могуць быць менавіта тым, чаго Трамп хацеў найбольш», — мяркуе карэспандэнт.
«Цяжка не заўважыць асуджэння Міжнароднага крымінальнага суда, які апошнім часам стаў аб’ектам гневу ЗША, — дадае Зуркер. —
Калі пра нешта і могуць дамовіцца лідары трох сусветных дзяржаў, дык гэта пра тое, што шматбаковыя міжнародныя арганізацыі, якія спрабуюць забяспечваць выкананне міжнароднага права, не павінны мець рэальных рычагоў уплыву для гэтага».
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ ўхіліста пракаментаваў сустрэчу лідараў ЗША, Кітая і Расіі.
«Я думаю, што важна, каб лідары праводзілі такія сустрэчы, як сустрэча ў Кітаі, — сказаў ён. — Я лічу, што гэта нармальна, таму мяне гэта зусім не турбуе».
«Не забывайцеся, што Расія і ЗША — буйныя ядзерныя дзяржавы. Кітай таксама з’яўляецца ядзернай дзяржавай, якая нарошчвае свой патэнцыял. Важна, каб лідары ядзерных дзяржаў сустракаліся, таму цалкам нармальна, што яны спрабуюць дамовіцца пра найлепшы шлях далейшага руху», — дадаў Рутэ.
Пуцін, Трамп і Сі прынялі «дэкларацыю аб міры», раскрытыкавалі ў ёй Гаагскі трыбунал
Лаўрова спыталі, ці ўдаліся перамовы Пуціна з Трампам і Сі. Адказ быў няўцямным ВІДЭА
Перамовы Трампа, Пуціна і Сі працягваліся паўтары гадзіны
«А што дрэннага было ў Ялце?» Пуціна спыталі пра «новую Ялту»
У дзень візіту Пуціна Кітай увёў абмежаванні на пастаўкі ў Расію кампанентаў для «Шахедаў»
Зяць Трампа паведаміў, што Пуцін згодны на гарантыі Украіне паводле прынцыпу пятага артыкула НАТА
Каментары