БЕЛ Ł РУС

Паляўнічыя прапануюць пачаць страляць яшчэ аднаго чырванакніжніка

20.11.2026 / 23:07

Nashaniva.com

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) прапанавала перагледзець ахоўны статус дупеля, які з 2004 года ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. У арганізацыі лічаць, што цяперашні стан папуляцыі дазваляе зноў дазволіць паляванне на гэтую птушку, піша sb.by.

Дупель. Фота: БТПР

У БТПР нагадалі, што дупель трапіў у Чырвоную кнігу праз рэзкае скарачэнне яго колькасці. Аднак, паводле назіранняў егераў і вынікаў вясновых улікаў, у поймах буйных рэк і на адкрытых нізінных балотах краіны цяпер сфармавалася ўстойлівая папуляцыя з высокай шчыльнасцю. У арганізацыі сцвярджаюць, што яе стан дазваляе вярнуць від у катэгорыю паляўнічых без шкоды для яго размнажэння.

Яшчэ адзін аргумент тычыцца міграцыі птушкі. Дупель пералятае на вялікія адлегласці, а ў некаторых суседніх краінах, у тым ліку ў Расіі, паляванне на яго дазволена.

Таму поўная забарона ў Беларусі, на думку БТПР, не зніжае агульнай нагрузкі на папуляцыю, але пазбаўляе беларускіх паляўнічых магчымасці здабываць традыцыйныя трафеі.

У арганізацыі таксама адзначаюць, што дупель з'яўляецца традыцыйным аб'ектам палявання з выжламі. Дазвол на яго здабычу, нават з абмежаваннямі, мог бы садзейнічаць развіццю паляўнічай кіналогіі, правядзенню палявых выпрабаванняў і спаборніцтваў.

Акрамя таго, БТПР звяртае ўвагу на падабенства дупеля і дазволенага да здабычы бакаса. У летне-асенні сезон гэтыя птушкі жывуць у падобных месцах і падчас узлёту могуць быць цяжка адрозныя. Таму цалкам выключыць выпадковую здабычу дупеля падчас палявання на бакаса немагчыма. Перавод дупеля ў катэгорыю паляўнічых відаў з дакладнымі правіламі здабычы, на думку арганізацыі, дазволіў бы пазбегнуць неабгрунтаванага прыцягнення паляўнічых да адказнасці.

У БТПР лічаць, што рэгуляванае паляванне на дупеля з'яўляецца біялагічна дапушчальным і гаспадарча мэтазгодным. Акрамя таго, яно, паводле арганізацыі, дасць дадатковы імпульс развіццю паляўнічай кіналогіі.

Чытайце таксама:

Пад Барысавам упалявалі першую ў гэтым сезоне рысь

На Палессі знайшлі буйное гняздо арлана-белахвоста

У Белавежскай пушчы знайшлі лімонна-жоўты грыб, які расце на мёртвых дрэвах

Праз больш чым 30 гадоў адсутнасці ў Беларусі зноў заўважылі прыкметы жыцця хахулі

У Мінску заўважаюць незвычайных птушак. Ці патрэбная ім дапамога людзей?

Каментары да артыкула