Палітолаг Аліна Харысава выходзіць замуж за Данілу Багдановіча з «Чорнай кнігі Беларусі»
Аліна Харысава — палітолаг, якая пагадзілася супрацоўнічаць з чалавекам, што назваўся супрацоўнікам СБУ, але аказаўся звязаным з КДБ. Даніла Багдановіч — адзін са стваральнікаў «Чорнай кнігі Беларусі», які ўзяў у каманду супрацоўніка ГУБАЗіКа Артура Гайко.
Аліна Харысава і Даніла Багдановіч. Фота тут і далей з сацсетак Харысавай
Цяпер яны заручыліся. Пра гэта Харысава паведаміла ў сацсетках. Яна апублікавала фатаграфіі з пярсцёнкам і момантам, калі Багдановіч стаў перад ёй на адно калена на пляжы.
«Я сказала «так». Цяпер у вас ёсць ваша ўлюбёная пара тэрарыстаў!» — падпісала яна здымкі.
У каментарыях Аліна Харысава патлумачыла замежным падпісчыкам, што яны абое нарадзіліся ў Беларусі, выступалі супраць дыктатуры і таму беларускія ўлады назвалі іх тэрарыстамі. «Не хвалюйцеся, мы бяспечныя — пакуль вы не пачняце саджаць людзей за лайкі і катаваць іх», — дадала яна.
На фота пазначана геалакацыя Малібу, Каліфорнія. Мяркуючы з характэрных скал, прапанова магла адбыцца на El Matador State Beach — адным з самых фотагенічных пляжаў Малібу і папулярным месцы для заручын. На здымках Багдановіч стаіць на калене, Харысава — у белай сукенцы, за імі — Ціхі акіян і велізарная скала.
Яна пагадзілася на «СБУ», якая аказалася КДБ
Аліна Харысава — палітолаг, дэлегатка Каардынацыйнай рады і былая экспертка Офіса Святланы Ціханоўскай. Улетку 2026 года яе імя прагучала ў сюжэце дзяржаўнай прапаганды.
Раман Пратасевіч заявіў, што Харысава перадавала інфармацыю КДБ, думаючы, што супрацоўнічае са Службай бяспекі Украіны. У эфіры паказалі відэа, на якім яна выказвае гатоўнасць да такога супрацоўніцтва, а таксама фрагменты перапіскі з меркаваным «куратарам».
Сама Харысава пацвердзіла: чалавек, які назваўся супрацоўнікам СБУ, сапраўды звязаўся з ёй у момант, калі беларускія спецслужбы ціснулі на яе і яе родных. Яна пагадзілася размаўляць, але пасля, паводле яе версіі, западозрыла правакацыю, спыніла кантакт і ніякай закрытай інфармацыі не перадала.
Офіс Ціханоўскай правёў унутраную праверку. Доказаў перадачы адчувальнай, службовай ці непублічнай інфармацыі не знайшлі. Не выявілі і прыкмет таго, што яна атрымлівала грошы.
Аднак сам факт камунікацыі з невядомымі людзьмі, якія прадставіліся замежнай спецслужбай, у Офісе назвалі грубым парушэннем пратаколаў бяспекі. Супрацоўніцтва з Харысавай спынілася. Яна пазней прызнала, што ўступаць у такую камунікацыю было памылкай.
Ён з калегамі ўзяў у ЧКБ губазікаўца
Даніла Багдановіч быў адным з каардынатараў і менеджарам «Чорнай кнігі Беларусі». Праект з’явіўся пасля выбараў 2020 года і публікаваў асабістыя даныя сілавікоў, якіх лічыў датычнымі да гвалту, фальсіфікацый і рэпрэсій.
Увосень 2020 года ў бот ЧКБ напісаў чалавек пад нікам Damoklov_Sword. Ён перадаў вялікую базу з данымі сілавікоў і прапанаваў дапамагаць правяраць падазроныя файлы і спасылкі. Чалавека прадставілі як Артура. Ён сцвярджаў, што працаваў у банку і меў карысныя сувязі ў сілавых структурах.
Поўнай праверкі Артур не прайшоў. Аднак перададзенай базы і яго расказаў хапіла, каб упусціць незнаёмца ў каманду. Пазней высветлілася, што гэта быў супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко.
Ён атрымаў доступ да працоўных чатаў, паведамленняў карыстальнікаў і звестак людзей, якія дасылалі інфармацыю ў боты. Некаторы час Гайко нават кіраваў ЧКБ, калі Багдановіч сышоў у адпачынак.
Адносіны паміж ім і Гайко пры гэтым не абмяжоўваліся працай. Яны абмяркоўвалі жыццё, разам гулялі ў Dota і World of Tanks. Аднойчы губазікавец прапанаваў дапамагчы Багдановічу са справаздачамі ЧКБ. Той замест гэтага папрасіў напісаць за яго эсэ па-англійску. Гайко даў рады: праца атрымала восем ці дзевяць балаў.
Больш за тое, паводле Сазановіч, Багдановіч працягваў кантактаваць з Гайко і пасля таго, як яго сувязь з ГУБАЗіКам раскрылася. Супрацоўнік спецслужбы тлумачыў, што яго маці нібыта ўзялі ў закладнікі і калегі з ЧКБ «нічога не разумеюць».
У кастрычніку 2022 года Багдановіча адхілілі ад праектаў Infopoint Media Network. У 2023‑м беларускі суд завочна прысудзіў яму 12 гадоў калоніі па справе ЧКБ. Яго ўнеслі ў створаны КДБ пералік «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а таксама ў спіс «экстрэмістаў».
Чытайце таксама:
Губазікавец дзевяць месяцаў быў у камандзе Чорнай кнігі Беларусі. І ўрэшце ўзначаліў яе