БЕЛ Ł РУС

Штучны інтэлект дапамог вырашыць адну з самых вядомых матэматычных загадак, за якую абяцалі мільён даляраў

22.11.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Матэматык з амерыканскай кампаніі Anthropic заявіў, што разам са штучным інтэлектам Claude знайшоў доказ гіпотэзы Рымана — адной з самых вядомых матэматычных загадак, якую не маглі разгадаць 167 гадоў. Калі вынік пацвердзіцца, гэта стане гістарычным прарывам у матэматыцы.

Algi Febri Sugita / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Як піша The Wall Street Journal, 20 лістапада даследчык Anthropic Левент Альпёге (Levent Alpöge) апублікаваў на сваім сайце меркаваны доказ гіпотэзы, над якой матэматыкі працуюць з 1859 года. Паводле яго слоў, вынік удалося атрымаць пасля некалькіх месяцаў сумеснай працы з Claude.

Гіпотэзу ў 1859 годзе сфармуляваў нямецкі матэматык Бернгард Рыман. Яна звязаная з размеркаваннем простых лікаў — тых, якія дзеляцца без астачы толькі на адзінку і саміх сябе, напрыклад 2, 3, 5, 7 і 11.

Матэматыкі даўно ведаюць, як прыблізна змяняецца колькасць простых лікаў сярод усё большых натуральных лікаў. Аднак дакладна апісаць адхіленні ад гэтай заканамернасці значна складаней. Гіпотэза Рымана звязаная з уласцівасцямі спецыяльнай матэматычнай функцыі і, калі яе даказаць, дазволіць істотна ўдакладніць такія разлікі і пацвердзіць шэраг іншых матэматычных сцвярджэнняў.

У 2000 годзе Інстытут матэматыкі Клэя ўключыў яе ў спіс сямі «задач тысячагоддзя» — асабліва складаных матэматычных праблем, за рашэнне кожнай з якіх прызначаная ўзнагарода ў мільён даляраў. Дагэтуль справіцца з гіпотэзай не ўдавалася ні матэматыкам, ні самым дасканалым мадэлям штучнага інтэлекту.

Альпёге прадставіў меркаваны доказ у незвычайнай форме — як праграмны код на мове Lean, якая дазваляе камп'ютару крок за крокам правяраць лагічную правільнасць матэматычных разважанняў.

Сам даследчык прызнаецца, што ў аснове доказу ляжыць велізарны аб'ём складанай матэматыкі, у якой ён яшчэ працягвае разбірацца. Калі ён паспрабаваў атрымаць з дапамогай ШІ звычайны тэкставы выклад, атрымаўся практычна нечытэльны дакумент аб'ёмам больш за 250 тысяч старонак. Цяпер Альпёге плануе падрыхтаваць больш зразумелае тлумачэнне сваёй працы.

Ключавы вынік, паводле матэматыка, быў атрыманы позна ўвечары 15 лістапада, за некалькі дзён да выхаду Anthropic на біржу. Даследчык нават звярнуўся да кіраўніка кампаніі Дарыё Амадэя, каб узгадніць публікацыю. Урэшце ён абвясціў пра адкрыццё на наступны дзень пасля біржавога дэбюту Anthropic.

Заява прагучала на фоне імклівага прагрэсу штучнага інтэлекту ў матэматыцы. У верасні OpenAI паведаміла пра меркаванае рашэнне іншай задачы тысячагоддзя — праблемы Наўе-Стокса, звязанай з рухам вадкасцяў і газаў. А ў кастрычніку кампанія прадставіла сотні новых матэматычных доказаў. Сярод іх былі і вынікі даследавання квазі-гіпотэзы Рымана — спрошчанага варыянта знакамітай праблемы, які ставіць менш цвёрдыя матэматычныя ўмовы.

Дасягнуты ў гэтым кірунку прагрэс вядомы матэматык Тэрэнс Таа, лаўрэат Філдсаўскага медаля — узнагароды, якую часта называюць Нобелеўскай прэміяй па матэматыцы, — ацаніў як найбуйнейшы за апошнія 50 гадоў.

Пры гэтым Таа меркаваў, што поўны доказ гіпотэзы Рымана людзі разам са штучным інтэлектам змогуць знайсці, магчыма, толькі да 2050 года. Але не прайшло і месяца, як супрацоўнік Anthropic заявіў, што такі доказ ужо знойдзены.

Аднак заяву Альпёге яшчэ павінны праверыць незалежныя матэматыкі. Нават калі камп'ютар пацвярджае лагічную правільнасць доказу, неабходна пераканацца, што ён сапраўды рашае пастаўленую задачу. Паводле правілаў Інстытута Клэя, для атрымання мільённай узнагароды рашэнне павінна быць апублікавана і атрымаць шырокае прызнанне навуковай супольнасці не раней чым праз два гады пасля публікацыі.

Калі доказ Альпёге вытрымае праверку, гэта стане не толькі рашэннем адной з найвялікшых матэматычных загадак, але і пакажа, наколькі істотна штучны інтэлект можа змяніць сам працэс навуковых адкрыццяў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула