БЕЛ Ł РУС

Былы пробашч Чырвонага касцёла расказаў, як моліцца каля «сцяны плачу»

22.11.2026 / 12:57

Nashaniva.com

Да гадавіны кансэкрацыі касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску, якая адзначаецца 21 лістапада, экс-пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк запісаў відэа. Святар сказаў, што па-ранейшаму моліцца ля святыні, зачыненай ужо 4 гады, а агароджу касцёла назваў своеасаблівай «сцяной плачу» — як ля былога храма ў Іерусаліме, піша выданне Katolik.life.

Уладзіслаў Завальнюк моліцца каля агароджы, якой будаўнікі абнеслі Чырвоны касцёл

«Ведаю, што мне і іншым, напэўна, быў забаронены ўваход, каб паглядзець, як праходзіць працэс так званай рэстаўрацыі», — заявіў Уладзіслаў Завальнюк.

Ксёндз адзначыў, што пазней «трапіў на Валадарку», дзе нядаўна была турма, а цяпер будынак таксама праходзіць рэканструкцыю. Святара прапусцілі на будаўнічую пляцоўку — у адрозненні ад касцёла, дзе ён хацеў бы благаславіць будаўнікоў.

Экс-пробашч нагадаў пра абяцанне кіраўніка «Мінскай спадчыны», што «да Новага года, на Божае нараджэнне» ксёндз зможа наведаць святыню. Але гэта наўрад ці адбудзецца — тэрмін здачы будынка ў эксплуатацыю перанеслі на красавік наступнага года.

Цяперашні пробашч парафіі падчас нядзельных абвестак не згадваў гадавіну кансэкрацыі святыні, а пытанне закрытага касцёла ён увогуле не закранае і не запрашае да малітвы за аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Чырвоным касцёле.

Чытайце таксама:

Ксяндза Завальнюка сустрэлі на вуліцы. Ён расказаў, у чым сэнс жыцця

У Чырвоным касцёле ў Мінску адновяць страчаныя роспісы

Чатыры гады таму закрылі Чырвоны касцёл

Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску зноў прыпыняўся

Каментары да артыкула