Ксяндза Завальнюка сустрэлі на вуліцы. Ён расказаў, у чым сэнс жыцця
Вядомы блогер Максат, які здымае праходку гараджан і задае ім пытанні пра жыццё, сустрэў у цэнтры Мінска ксяндза Уладзіслава Завальнюка, былога пробашча Чырвонага касцёла. Той паказаў яму сваё пасведчанне пілота і расказаў пра любімую музыку і шчасце.

Завальнюк расказаў, што ў дзяцінстве хацеў быць лётчыкам і нават мае лётныя правы. Ён хацеў паступаць у лётнае вучылішча ўжо з 8 класаў, але маці сказала скончыць 11, а потым — куды хочаш.

«А потым, калі ўжо падрос, тады вось шлях духоўны».
Завальнюк кажа, што вельмі шчаслівы.
«Таму што я патрэбны свайму пакліканню. (…) У дзясятым класе пайшоў раз, другі, ужо больш свядома на набажэнства. Потым бацькі, настаўленне, потым чуеш святара. Потым слова Божае, Біблія. І потым аказваецца, не тое што цікава, а гэта нешта сур'ёзнае».
На пытанне пра сэнс жыцця ксёндз адказаў так:
«Сабой кіраваць, як любы кіроўца машынай. Сэнс жыцця — прайсці, праехаць шчасліва, куды едзеш, і з кім едзеш, і да каго едзеш, зразумець вось такі сэнс. І бог дае тады табе і вытрымку на кожны дзень. І іншае — гэта радасць, што ты ўсё ж патрэбны, ты кірунак маеш».

Самым прыгожым з убачанага Завальнюк называе гармонію сярод людзей. А сярод любімай музыкі пералічыў Гендэля, Вівальдзі, Бетховена.
Свету ён параіў захоўваць мір.
Каментары
Калі Баравую даўно закрылі, то ў Ліпках?