Стала вядома, што ўвойдзе ў 22‑гі пакет санцый Еўрасаюза супраць Расіі
Еўрапейская камісія 23 лістапада прадставіла 22‑гі пакет санкцый супраць Расіі. Пра гэта паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Урсула фон дэр Ляен. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
Паводле слоў Урсулы фон дэр Ляен, новыя абмежаванні павінны ўзмацніць ціск на Расію і прымусіць яе спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны. Еўрасаюз будзе працягваць уводзіць санкцыі, пакуль Масква не прадэманструе шчырага імкнення да трывалага міру.
Новы пакет ахоплівае некалькі асноўных кірункаў: фінансаванне вайны, ізаляцыю Расіі, энергетычны сектар, а таксама ўдзел расійскіх спартсменаў і камандаў у еўрапейскіх мерапрыемствах.
У фінансавай сферы ЕС прапануе пашырыць забарону на транзакцыі прыкладна на 60 расійскіх банкаў. Усе яны будуць адключаныя ад сістэмы SWIFT. Таксама абмежаванні закрануць крыптавалютныя і плацежныя сеткі. Пад увагу трапяць не толькі расійскія структуры, але і кампаніі з трэціх краін, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі. Для каардынацыі гэтай працы створаная спецыяльная працоўная група па санкцыях у сферы крыптавалют.
Абмежаванні ў энергетычнай галіне прадугледжваюць пашырэнне забароны на аказанне паслуг, звязаных з будаўніцтвам, эксплуатацыяй і рамонтам расійскай энергетычнай інфраструктуры. Еўрапейскія кампаніі не змогуць удзельнічаць у такіх работах, у тым ліку на нафтаперапрацоўчых заводах. Упершыню забарона будзе распаўсюджвацца таксама на паслугі па пастаўках электраэнергіі.
У санкцыйны спіс уключылі яшчэ больш за 70 суднаў так званага расійскага ценявога флоту. Акрамя таго, прапануецца забараніць усе танкеры, застрахаваныя ў Расіі.
Сярод іншых мер — забарона на ўезд у ЕС для былых расійскіх удзельнікаў баявых дзеянняў. Фон дэр Ляен патлумачыла гэтую прапанову ўзмацненнем нетрадыцыйных і сілавых аперацый расійскіх агентаў у Еўропе. Паводле яе слоў, былыя камбатанты могуць пагражаць бяспецы еўрапейскіх краін, таму ім не павінны дазваляць свабодна перамяшчацца па тэрыторыі Еўрасаюза.
Таксама плануецца забараніць грамадзянам краін ЕС займаць кіроўныя пасады ў кампаніях, якія працуюць у Расіі.
Асобны блок санкцый тычыцца спорту і культуры. Еўракамісія прапануе забараніць удзел у спартыўных мерапрыемствах на тэрыторыі ЕС расійскіх каманд і спартсменаў, якія выступаюць пад расійскім сцягам. Таксама прапануецца забараніць дэманстрацыю афіцыйнай расійскай сімволікі.
Акрамя гэтага, плануецца абмежаваць фінансавыя пераводы ад расійскіх спонсараў спартыўным і культурным арганізацыям, якія базуюцца ў Еўропе. Расіянам таксама хочуць забараніць займаць кіроўныя пасады ў еўрапейскіх спартыўных федэрацыях.
Фон дэр Ляен заявіла, што Еўрасаюз мае намер і надалей падтрымліваць Украіну, каб умацоўваць яе пазіцыі і ствараць умовы для дасягнення міру.
Чытайце таксама:
У Еўрасаюзе ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Расіі. У спісе — 50 расійскіх банкаў
ЕС уводзіць санкцыі супраць заснавальніцы Wildberries Таццяны Кім
Людзі спяшаюцца перабрацца з Расіі ў Эстонію
The Insider: Новы санкцыйны пакет Еўрасаюза складалі праз штучны інтэлект