БЕЛ Ł РУС

У Англіі скарыстаныя навагоднія ялінкі закопваюць на пляжах. Навошта?

23.11.2026 / 21:29

Nashaniva.com

У англійскім графстве Ланкашыр старыя навагоднія ялінкі выкарыстоўваюць для аднаўлення пясчаных дзюнаў і абароны ўзбярэжжа ад эрозіі. Іх закопваюць у пясок, каб затрымліваць яго перамяшчэнне пад уздзеяннем ветру. Праект Fylde Sand Dunes Project дзейнічае з 2013 года і аб’ядноўвае мясцовыя арганізацыі, прыродаахоўныя аб’яднанні і сотні валанцёраў, піша выданне Demotivateur.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў натуральныя пясчаныя дзюны Ланкашыра паступова знікалі праз эрозію і развіццё гарадской забудовы. Яны служаць натуральным бар’ерам на шляху мора, але за апошнія 150 гадоў рэгіён страціў каля 80% іх плошчы. У выніку дамы каля ўзбярэжжа сталі больш уразлівымі да ўздзеяння мора, а мясцовыя экасістэмы пацярпелі.

Адзін з кірункаў праекта — паўторнае выкарыстанне навагодніх ялінак, якія пасля святаў звычайна выкідаюць. Іх галіны дапамагаюць затрымліваць пясок, які пераносіць вецер. Для гэтага на пэўных участках узбярэжжа выкопваюць траншэі і закладваюць у іх выкарыстаныя дрэвы. Пясчынкі затрымліваюцца паміж галінамі, вакол ялінак утвараюцца невялікія насыпы, якія з часам могуць ператварыцца ў новыя дзюны.

Працу дапаўняюць усталяваннем драўляных канструкцый і высаджваннем каласняка — травяністай расліны, карані якой дапамагаюць замацоўваць пясок. Такім чынам, выкарыстанне старых ялінак з’яўляецца часткай больш шырокай праграмы аднаўлення ўзбярэжжа.

З пачатку праекта ў 2013 годзе на асобных участках англійскага ўзбярэжжа ўдалося аднавіць паласу тэрыторыі шырынёй ад 60 да 90 метраў. Новыя дзюны ўзмацняюць натуральную абарону ад штормаў: павялічваюць адлегласць паміж морам і забудовай, дапамагаюць стрымліваць размыванне берага і зніжаюць рызыку затаплення.

Цяпер дзюны абараняюць ад берагавой эрозіі 493 аб’екты нерухомасці, а яшчэ восем — ад паводак. У будучыні карысць ад іх аднаўлення могуць атрымаць яшчэ каля 400 дамоў.

Праект таксама спрыяе захаванню біяразнастайнасці. На тэрыторыі яго рэалізацыі выяўлена больш за 300 відаў раслін, а таксама рэдкія беспазваночныя і птушкі, якія маюць патрэбу ў ахове. Аднаўленне расліннасці дапамагае замацоўваць глебу і захоўваць прыродныя ўмовы для мясцовай фаўны.

Акрамя выкарыстання старых ялінак, праграма прадугледжвае выдаленне інвазіўных відаў раслін і аднаўленне прыродных тэрыторый. Гэта павінна дапамагчы падтрымліваць экалагічную раўнавагу і захоўваць мясцовую флору і фаўну.

Чытайце таксама:

Ватавае мора, адна з пярлін еўрапейскай прыроды, апынулася пад пагрозай

У Атлантычным акіяне імкліва разрастаецца гіганцкі пояс водарасцяў

Навукоўцы прыдумалі аднаразовыя кубачкі для кавы без кроплі пластыку

На дне Міжземнага мора знайшлі каля 1300 нейкіх кругоў. Як яны ўтварыліся?

Каментары да артыкула