БЕЛ Ł РУС

Памятаеце Зімоўскага? Ён паздзекаваўся з гібелі карвета «Меркурый»

23.11.2026 / 22:59

Nashaniva.com

Прапагандыст Аляксандр Зімоўскі, які ў дзевяностыя і нулявыя быў на перадавой ідэалагічнага фронту ў Беларусі, а пасля з'ехаў у Расію, у сваім тэлеграм-канале пакпіў з гібелі расійскага карвета «Меркурый» каля лівійскіх берагоў. Ён бачыць у гэтым ганебным для расійскага вайсковага прэстыжу здарэнні гульню ў марскі бой. 

«Гібель карвета «Меркурый» варта разглядаць менавіта як марскі бой.

Карвет не меў ходу і магчымасці будаваць эвалюцыі (манеўраваць) — стаяў ля прычальнай сценкі.

У гэтым становішчы карабель быў атакаваны 6‑цю хуткаснымі манеўранымі катарамі ў колькасці 6 (па іншых звестках — 8 адзінак).

Рускія маракі прынялі няроўны бой у суадносінах 1/6 (ці нават 1/8), знішчылі 4 БЭК з шасці. Усё вырашыла колькасная перавага ворага.

Гэта ж на ўзроўні крэйсера «Вараг»!

Мастак Жорж Міласлаўскі (ЖМ), які ўразіўся гераізмам рускіх маракоў, стварыў марыністычнае батальнае палатно «Бой рускага карвета «Меркурый» з эскадрай украінскіх БЭК у Бенгазі».

Стылістычна праца выканана ў манеры савецкага мастака-графіка Ігара Ушакова.

Паспрабуем прадаць яе ў збор ЦВММ» — гумарыць адыёзны прапагандыст, прыклаўшы адпаведную карцінку, створаную штучным інтэлектам.

65‑гадовы Аляксандр Зімоўскі праславіўся ў 1990-х, калі працаваў на Беларускім тэлебачанні. Ён набыў вядомасць як аўтар і вядучы аналітычных і публіцыстычных праграм, якія былі стрыжнявымі для тагачаснай лукашэнкаўскай прапаганды. У 2000‑х гадах займаў кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных медыя: спачатку ўзначальваў «Сталічнае тэлебачанне», а пазней — Белтэлерадыёкампанію). Адначасова ў 2004—2008 гадах быў членам Савета Рэспублікі па квоце Лукашэнкі.

Пасля сыходу з кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ў снежні 2010 года пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе з 2011 года займаецца медыякансалтынгам і інфармацыйнымі праектамі.

Чытайце таксама:

Зяленскі пацвердзіў, што карвет «Меркурый» каля Лівіі патапіла Украіна. Другой цэллю быў сухагруз «Ангара»

Расійскі ракетны карвет «Меркурый» пайшоў на дно

Лівійскія ўлады пацвердзілі выбух на расійскім судне ў Бенгазі. Не выключаюць атаку дронаў

У Лівіі знішчаны расійскі ракетны карвет «Меркурый»

Каментары да артыкула