Лівійскія ўлады пацвердзілі выбух на расійскім судне ў Бенгазі. Не выключаюць атаку дронаў
Урад усходняй Лівіі паведаміў, што выбух у порце Бенгазі адбыўся на борце расійскага судна. Паводле папярэдніх вынікаў расследавання, яно магло трапіць пад атаку беспілотнікаў. Раней Naval News паведаміла пра імавернае знішчэнне ў гэтым порце расійскага ракетнага карвета «Меркурый».

У заяве ўрада ўсходняй Лівіі гаворыцца, што судна стаяла каля прычала.
«Паводле папярэдніх вынікаў расследавання, выбух адбыўся на борце расійскага судна, якое стаяла каля прычала. Пры гэтым не выключаецца, што яно зазнала атаку з выкарыстаннем беспілотнікаў», — паведамілі ўлады.
Паводле заявы, судна вярталася ў Расію, а ў Бенгазі спынілася для дазапраўкі і папаўнення запасаў у межах дзейных пагадненняў аб марскім супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.
Урад сцвярджае, што партовыя збудаванні, ваенна-марская база і склады не пацярпелі і пасля лакалізацыі пажару працягнулі працу.
«Урад рашуча асуджае тое, што адбылося, і расцэньвае напад на судна ў тэрытарыяльных водах Лівіі як сур’ёзны замах на нацыянальны суверэнітэт і прамое парушэнне бяспекі партоў і марскога суднаходства», — гаворыцца ў заяве.
Такім чынам, улады называюць здарэнне нападам, але выкарыстанне дронаў падаюць як версію. Назву судна ў паведамленні не раскрываюць.
Раней спецыялізаванае выданне Naval News папярэдне ідэнтыфікавала карабель як «Меркурый» праекта 20380. Паводле выдання, пасля выбуху карвет ахапіў агонь.
СМІ ацэньваюць кошт «Меркурыя» ў 200 мільёнаў даляраў і называюць колькасць экіпажа — 90 чалавек. Аднак колькі людзей знаходзілася на борце падчас выбуху і ці ёсць пацярпелыя, не паведамляецца.
Карвет праекта 20380 даўжынёй каля 105 метраў, паводле Naval News, знаходзіўся ў Бенгазі некалькі дзён. Ён суправаджаў канвой звязаных з расійскімі ўладамі грузавых суднаў, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі ўзбраення.
Фармальна «Меркурый» уваходзіць у Чарнаморскі флот, але праз вайну ў Чорным моры дзейнічае з баз Паўночнага флоту ў Арктыцы.
Каментары