У Польшчы беларуса асудзілі на 5 з паловай гадоў зняволення. Ён кіраваў групай, якая перапраўляла ў Еўропу тысячы мігрантаў
Суд у польскай Лодзі асудзіў на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі мужчыну, якога прызналі кіраўніком злачыннай групоўкі, што арганізоўвала незаконнае перасячэнне польскай мяжы замежнікамі з выкарыстаннем падробленых дакументаў. Паводле матэрыялаў следства, дзейнасць групы дапамагла трапіць у Польшчу больш чым 3 тысячам чалавек.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: польская паліцыя
Усяго ў справе фігуравалі 98 абвінавачаных. Большасць з іх добраахвотна пагадзіліся з пакараннем яшчэ да пачатку судовага працэсу. У панядзелак суд вынес прысуды ў дачыненні да астатніх чатырох чалавек.
Найбольш суровае пакаранне атрымаў Алег М. Суд прызнаў яго кіраўніком злачыннай групы і прызначыў яму пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Грамадзянства мужчыны не называецца, але ягонае імя ў польскіх СМІ падаецца ў беларускай транслітарацыі на лацінку — Aleh.
Суддзя Караліна Пашкоўска-Маслоўска адзначыла, што сабраныя доказы пацвярджаюць існаванне арганізаванай злачыннай групы, мэтай якой была арганізацыя незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы Польшчы на падставе падробленых дакументаў.
Па словах пракурора акруговай пракуратуры ў Лодзі Паўла Ясяка, у склад групоўкі ўваходзілі грамадзяне Беларусі, Украіны, Польшчы і Казахстана.
Сярод асуджаных таксама аказалася адвакатка, якая, паводле абвінавачання, дапамагала ўдзельнікам групы пазбягаць крымінальнай адказнасці. Суд прызначыў ёй год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады.
Чытайце таксама:
У польскай Гдыні беларус таксаваў, не зважаючы на пазбаўленне правоў кіроўцы
У Польшчы злавілі беларуса-педафіла, які паўгода хаваўся пасля суда
У Польшчы будуць судзіць банду, якая рабавала грузавікі. З 13‑ці падсудных пяцёра беларусы