Ціханоўскі заявіў, што дамовіўся з Бабарыкам і Калеснікавай пра ўдзел у «Аб'яднаным Офісе». Тыя адмаўляюць гэта
Сяргей Ціханоўскі зноў заклікаў стварыць Офіс аб'яднаных дэмакратычных сіл. Ён заявіў, што ўжо дамовіўся аб удзеле ў праекце з лідарамі пратэстаў 2020 года, і назваў сярод іх Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву. «Люстэрка» спытала ў Калеснікавай і прэс-сакратара Бабарыкі, ці так гэта.
Скрын відэа
«Я абтэлефанаваў усіх — усе згодныя»
У свежым відэа Сяргей Ціханоўскі разважае пра будучыню Офіса сваёй жонкі і прапануе два варыянты развіцця падзей.
— Альбо рамонт, альбо знос і будаўніцтва новага будынка. Я пакуль за рамонт. Як я бачу рамонт? Я ўжо казаў, паўтару яшчэ раз: у Офіс павінныя зайсці лідары 2020 года. З Офіса павінныя выйсці жулікі і самазванцы: Вячорка, Дабравольскі, Лябедзька — з рэчамі, — заявіў Ціханоўскі.
Паводле яго задумы, новую стратэгію дэмсіл мусяць выпрацаваць шэсць чалавек — удзельнікі падзей 2020 года.
— Сабраліся ў адным пакоі ўшасцярых, зачыніліся на тыдзень і выйшлі да беларусаў з новым планам. Хто гэтыя шасцёра? Лагічна і справядліва, каб гэта былі людзі з аб’яднанага штаба 2020 года: Святлана [Ціханоўская], Віктар [Бабарыка], Марыя [Калеснікава], Вераніка, Валерый [Цапкалы] і ваш пакорны слуга <…>. Людзі, якія змаглі калісьці дамовіцца і падняць беларусаў у 2020-м, маюць шанц дамовіцца яшчэ раз. Пасля з’яўлення стратэгіі ў такі новы Офіс можна паклікаць астатніх прафесіяналаў, — разважае блогер.
Пры гэтым сябе Ціханоўскі ў кіраўніцтве будучай структуры не бачыць.
— Мне ёсць чым займацца. Мая справа — размаўляць з беларусамі, гаварыць унутры краіны, гаварыць ім праўду <…>. Я таксама не лічу сябе вялікім стратэгам, але, у адрозненне ад жулікаў Офіса, я не баюся апынуцца ў пакоі з людзьмі, разумнейшымі за сябе, — падкрэслівае палітык.
Ён сцвярджае, што ўжо заручыўся падтрымкай усіх, каго назваў, за выключэннем Святланы Ціханоўскай.
— Я абтэлефанаваў усіх — усе згодныя. Час і месца выберам. Усе згодныя, акрамя Святланы, Офіс супраць. Мы пачакаем. Але нядоўга. Некалькі дзён, — падсумаваў Ціханоўскі.
«Сваю ролю на гэтым этапе я бачу інакш»
Марыя Калеснікава на сустрэчы з журналістамі беларускіх медыя, Берлін, Германія, 10 лютага 2026 года. Фота: lookby.media
Марыя Калеснікава ў каментары абвергла словы Ціханоўскага пра тое, што пагадзілася ўдзельнічаць у праекце.
— Я з павагай стаўлюся да розных ініцыятываў, скіраваных на супрацоўніцтва.
Разам з тым ніякіх дамоўленасцяў пра мой удзел у аб’яднаным штабе няма. Лічу, што сёння асабліва важна падтрымліваць адно аднаго, паважаць розныя пазіцыі, знаходзіць пункты судакранання і магчымасці для сумеснай працы, — адзначыла Калеснікава.
Паводле яе словах, яна збіраецца дзейнічаць самастойна.
— Сваю ролю на гэтым этапе я бачу інакш і збіраюся захоўваць самастойнасць у сваёй дзейнасці. Я адкрытая да дыялогу і супрацоўніцтва па пытаннях, якія лічу першачарговымі: вызваленне палітычных зняволеных, спыненне рэпрэсій і захаванне незалежнасці Беларусі. Перакананая, што агульнасць мэтаў не патрабуе абавязковага аб’яднання ў адну структуру. Значна важнейшая здольнасць чуць адно аднаго, паважаць самастойнасць кожнага і дабівацца канкрэтных вынікаў, — заявіла Калеснікава.
«Гэтае пытанне яны не абмяркоўвалі»
Дамоўленасцяў не пацвярджаюць і ў камандзе Віктара Бабарыкі. Яго прэс-сакратар Глеб Герман расказаў «Люстэрку», што сустрэча з Ціханоўскім адбылася некалькі месяцаў таму, але пра Офіс аб’яднаных дэмсіл яны не гаварылі.
— У Віктара была сустрэча з Сяргеем, але яшчэ летам. Яны не абмяркоўвалі рэформы дэмакратычных сіл, гаворка ішла пра іншыя пытанні. Але Бабарыка падкрэсліў, што ў прынцыпе згодны з ідэяй таго, што пытанне пра рэфармаванне дэмсіл цяпер наспявае.
— У апошнія дні ці тыдні званка ад Ціханоўскага не было?
— Не, проста ёсць меркаванне ў Віктара Дзмітрыевіча пра актуальнасць гэтага [рэформы] цяпер.
— Ціханоўскі кажа: «Я абтэлефанаваў усіх — усе згодныя. Час і месца выберам. Усе згодныя, акрамя Святланы. Мы пачакаем. Але нядоўга. Некалькі дзён». То-бок такой дамоўленасці не было?
— Не, ніякай [не было]. Паўтаруся, гэта было не сёння. Яны размаўлялі яшчэ летам.
«Вядома, гэта мяне крыўдзіць»
Святлана Ціханоўская пра ідэю мужа выказалася раней. Яна заявіла, што не прыхільніца публічных спрэчак, «бо гэта толькі на руку рэжыму». Пры гэтым яна падкрэсліла, што Сяргей Ціханоўскі «не працуе на рэжым», а яго мэты дэмакратычныя — правесці свабодныя выбары і даць людзям магчымасць вярнуцца ў Беларусь.
Што да крытыкі канкрэтна ў яе адрас, то, паводле Святланы, выказванні мужа яе крыўдзяць.
— Мне трэба прыкладаць унутраныя намаганні, каб размяжоўваць пытанне сям'і, мужа і палітычную ролю — маю і яго. Я вельмі была здзіўленая гэтай новай рыторыкай Сяргея, што ўсе гэтыя гады я проста цягала папку [з партрэтам Ціханоўскага] усе гэтыя шэсць гадоў, што я ўчыніла падлог у 2020 годзе. Я не з такімі пачуццямі ўсе гэтыя шэсць гадоў змагалася за яго, вядома, гэта мяне крыўдзіць, — прызналася Ціханоўская.