Ці варта купляць антыбактэрыяльнае мыла?
Ці сапраўды антыбактэрыяльнае мыла лепш абараняе ад інфекцый, чым звычайнае? І ці варта карыстацца ім штодня, асабліва ў сезон прастуд і грыпу?
Фота: Jirawat Plekhongthu / Vecteezy
Мыць рукі перад ежай, пасля наведвання туалета і кантакту з патэнцыйна небяспечнымі мікраарганізмамі неабходна, каб прадухіліць распаўсюджванне інфекцый. Але ці мае значэнне, якім менавіта мылам карыстацца?
Журналісты The Washington Post паразмаўлялі з дэрматолагамі і прааналізавалі навуковыя даследаванні, каб высветліць, калі варта выбіраць антыбактэрыяльныя сродкі, а калі дастаткова звычайнага мыла.
Звычайнае мыла супраць антыбактэрыяльнага
На нашай скуры пастаянна жыве мноства мікраарганізмаў, пераважна бактэрый і грыбкоў. Разам яны ўтвараюць мікрабіём скуры, які дапамагае абараняць яе ад хваробатворных мікраарганізмаў. Праблема антыбактэрыяльнага мыла ў тым, што яно можа знішчаць не толькі шкодныя, але і карысныя бактэрыі, парушаючы натуральную раўнавагу.
Пры гэтым даследаванні не выявілі пераваг антыбактэрыяльнага мыла перад звычайным у прадухіленні інфекцый у хатніх умовах, у тым ліку ў сезон прастуд і грыпу. Для эфектыўнага ачышчэння рук дастаткова намыльваць іх не менш за 20 секунд, а затым змываць пену вадой. Разам з ёй са скуры выдаляюцца бруд і мікраарганізмы.
Ёсць і яшчэ адна прычына не злоўжываць антыбактэрыяльнымі сродкамі. Некаторыя даследаванні паказваюць на магчымую сувязь іх выкарыстання з развіццём устойлівасці бактэрый да антыбіётыкаў.
Калі антыбактэрыяльныя сродкі сапраўды патрэбныя
Хоць для паўсядзённай гігіены дастаткова звычайнага мыла, пры некаторых захворваннях скуры спецыяльныя антымікробныя сродкі могуць быць карыснымі.
Напрыклад, пры акнэ выкарыстоўваюць сродкі з бензаілпераксідам, які памяншае колькасць бактэрый на скуры і дапамагае змагацца з высыпаннямі. У адрозненне ад антыбіётыкаў, гэтае рэчыва не выклікае развіцця ўстойлівасці бактэрый да іх, але можа раздражняць скуру. Трэба ўлічваць і тое, што бензаілпераксід можа абясколерваць ручнікі і адзенне.
Яшчэ адно захворванне, пры якім могуць спатрэбіцца антымікробныя сродкі, — фалікуліт. Гэта запаленне валасяных фалікулаў, якое праяўляецца невялікімі чырвонымі высыпаннямі.
Пры лёгкіх формах фалікуліту дактaры могуць рэкамендаваць сродкі для мыцця з бензаілпераксідам або хлоргексідынам, а ў некаторых выпадках шампуні з сульфідам селену. Яны дапамагаюць паменшыць колькасць бактэрый на паверхні скуры і знізіць рызыку распаўсюджвання інфекцыі на суседнія фалікулы. У цяжкіх выпадках можа спатрэбіцца лячэнне антыбіётыкамі.
Чым апрацоўваць парэзы і драпіны
Як даводзяць эксперты, для апрацоўкі звычайных парэзаў і драпін антыбактэрыяльнае мыла не патрэбнае. Яны рэкамендуюць прамываць раны чыстай вадой або фізіялагічным растворам, а скуру вакол іх асцярожна ачышчаць звычайным мылам.
Не варта без неабходнасці выкарыстоўваць і мазі з антыбіётыкамі, якія ў некаторых людзей могуць выклікаць алергічны кантактны дэрматыт. Для невялікіх чыстых ран замест іх часта дастаткова вазеліну, які дапамагае падтрымліваць вільготнае асяроддзе, спрыяльнае для гаення.
Галоўная выснова дэрматолагаў заключаецца ў тым, што антыбактэрыяльнае мыла не павінна быць сродкам штодзённай гігіены толькі таму, што здаецца мацнейшым за звычайнае. Спецыяльныя сродкі варта выкарыстоўваць пры канкрэтных паказаннях і паводле рэкамендацыі доктара. Калі ж на скуры з'явіліся прыкметы інфекцыі або яе стан пагаршаецца, лепш звярнуцца да спецыяліста, а не спрабаваць самастойна падабраць лячэнне.