БЕЛ Ł РУС

Экс-пасол Літвы ў ЗША заявіў, што знойдзеная ў Вільні ля сметніка карціна «Каранацыя Міндоўга» раней вісела ў яго кабінеце

25.11.2026 / 13:03

Nashaniva.com

Былы пасол Літвы ў ЗША Альфонсас Эйдынтас нечакана адгукнуўся на навіну пра карціну, якую знайшлі каля смеццевага кантэйнера ў Вільні, піша LRT. Гісторыкі мастацтва шукалі яе не адно дзесяцігоддзе. 

Фота: Arunas Gelunas / Facebook

Пра знаходку 24 лістапада паведаміў Літоўскі нацыянальны мастацкі музей. Каля кантэйнера ў Вільні людзі заўважылі пашкоджанае палатно і перадалі яго рэстаўратарам. Музей вызначыў працу як «Каранацыю Міндоўга» Рымтаса Калпокаса — карціну, напісаную для сусветнай выставы ў Нью-Ёрку ў 1939 годзе. Шмат гадоў яна лічылася зніклай.

Пасля гэтай навіны сваімі ўспамінамі падзяліўся Альфонсас Эйдынтас, які быў паслом Літвы ў Вашынгтоне ў 1993—1997 гадах.

Паводле дыпламата, карціну знайшлі ў будынку амбасады ў 1995 годзе, калі ў пасольстве рыхтавалі да рамонту памяшканні трэцяга—пятага паверхаў.

«Знайшлі запылены складзены прадмет, засыпаны апалай тынкоўкай. Разгарнуўшы яго, мы ўсе аслупянелі — гэта было велізарнае палатно», — напісаў ён.

Карціну расправілі, ачысцілі і змясцілі ў раму, каб яна разгладзілася.

«Карціну мы павесілі ў кабінеце пасла», — успамінае Альфонсас Эйдынтас.

Як карціна магла трапіць з Вашынгтона да віленскага кантэйнера, былы пасол не ведае.

«Застаецца спадзявацца, што больш дэталяў і фактаў пра яе вываз успомняць і ўдакладняць іншыя супрацоўнікі пасольства таго часу», — напісаў ён.

У пасольстве, паводле Альфонсаса Эйдынтаса, захоўваліся і іншыя экспанаты літоўскага павільёна з нью-ёркскай выставы. У прыватнасці, лялькі-персанажы «Купішскага вяселля», якіх мастачка Канстанцыя Петрыкайце-Тулене апранула ў нацыянальныя строі. У 1995 годзе іх адправілі на рэстаўрацыю ў Вільню. Туды ж перадалі архіў пасольства.

Знойдзеную цяпер карціну перадалі ў Рэстаўрацыйны цэнтр імя Пранаса Гудзінаса. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула