Апублікавалі ўліковы лісток дзеда Джарэда Кушнера. Ён партызаніў на Навагрудчыне
У базе праекта «Партызаны Беларусі» апублікавалі асабісты ўліковы лісток Іосіфа Бярковіча, якога лічаць дзедам зяця Дональда Трампа і ягонага спецпасланніка Джарэда Кушнера. У дакуменце ёсць характарыстыка службы Бярковіча ў партызанскіх атрадах падчас Другой сусветнай вайны
Джарэд Кушнер. Фота: Ryan Murphy / Getty Images
Паводле звестак праекта, Іосіф Майсеевіч Бярковіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў Карэлічах. Да ўступлення ў партызаны працаваў сталяром. У 1943 годзе далучыўся да партызанскага руху і служыў радавым у чатырох партызанскіх брыгадах на Навагрудчыне.
У асабістым лістку адзначаецца, што за час знаходжання ў атрадзе Берковіч зарэкамендаваў сябе як добры баец. У характарыстыцы таксама гаворыцца: «Дысцыплінаваны, акуратны пры выкананні распараджэнняў камандавання».
Раней Джарэд Кушнер расказваў часопісу New York Magazine, што падчас адной з сустрэч прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паказаў яму архіўны дакумент, у якім згадвалася барацьба яго дзеда з нацыстамі.
Бабуля і дзядуля Кушнера па бацькоўскай лініі былі выхадцамі з беларускага Навагрудка. Бабуля Рая перажыла знішчэнне гета і далучылася да партызанаў, дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пасля вайны яны з'ехалі ў ЗША.
Бацька Джарэда Кушнера, амерыканскі мільярдэр Чарльз Кушнер, расказваў, што Іосіф Беркавіч вырашыў памяняць прозвішча, каб усёй сям'і было прасцей аформіць дакументы для пераезду ў ЗША.
Чытайце таксама:
Падчас мемарыяльных мерапрыемстваў у Аўшвіцы Ціханоўская сустрэлася з Чарльзам Кушнерам
Зяць Трампа расказаў, што расейскі банкір падарыў яму мяшок зямлі з Наваградка