Свет55

Трамп прызначыў паслом у Францыі Чарльза Кушнера. Яго маці арганізавала знакамітыя ўцёкі з гета ў Навагрудку

Сам Чарльз Кушнер, бацька зяця Трампа, прафінансаваў мемарыяльную сцяну на малой радзіме бацькоў. Аднак у ЗША ў яго сапсаваная рэпутацыя.

Чарльз Кушнер і Джарэд Кушнер. Фота: Patrick McMullan / Getty Images

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намінаваў на пасаду пасла ў Францыі Чарльза Кушнера. Гэта бацька Джарэда Кушнера — мужа дачкі Трампа Іванкі.

Каментуючы прызначэнне ў сваёй сацсетцы Truth Social, Трамп назваў Чарльза Кушнера «выбітным бізнэс-лідарам, філантропам і перамоўшчыкам, які будзе ўпэўнена бараніць інтарэсы ЗША». Трамп таксама нагадаў, што яго зяць, сын Чарльза Джарэд Кушнер паспяхова працаваў у яго першай прэзідэнцкай адміністрацыі, піша CNN.

Чарльз Кушнер займаецца бізнэсам у сферы нерухомасці і жыллёвага будаўніцтва. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькі партфель з 4000 кватэр і пабудаваў бізнэс-імперыю, стаўшы мільярдэрам. Акрамя таго, да 2016 года ён быў донарам Дэмакратычнай партыі, а таксама мецэнатам і філантропам.

Сям'я Кушнера цесна звязана з Беларуссю. Яго бацькі родам з Навагрудка. Маці Чарльза Рая была дачкой заможнага кушняра Зейдаля, у сям'і было дзве крамы. У 1941-м сям'ю Кушнер, як і 24 тысячы яўрэяў з навакольных гарадоў, нацысты адправілі ў гета, якое размясцілася недалёка ад Навагрудскага замка. Пры гэтым маці 16-гадовай Раі Хінду і старэйшую сястру Эстэр расстралялі.

Перажыўшы пяць адбораў на масавыя расстрэлы, Рая з братам Хоняй і іншымі вязнямі гета вырашылі арганізаваць уцёкі. Яны сталі капаць тунэль пад агароджай. Спачатку выкарыстоўвалі рукі і лыжкі, затым прыдумалі хітрыя інструменты, якія палегчылі працу. Сярод вязняў знайшліся электрыкі, якія змаглі правесці ў тунэль святло, а зямлю хавалі ў падвойных сценах.

Тунэль вырылі за чатыры месяцы, 26 верасня 1943 года адбыліся ўцёкі — самыя масавыя з канцлагераў і гета за ўсю вайну. Праз тунэль збеглі 360 чалавек, выжыць удалося не ўсім. Ацалелыя, сярод іх была і Рая Кушнер, далучыліся да яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Там Рая пазнаёмілася з будучым мужам Ёзэфам Беркавіцам, які таксама быў родам з Навагрудка. Яны пажаніліся пасля вайны ў Будапешце, пры гэтым Ёзэф узяў прозвішча жонкі, а неўзабаве эмігравалі ў ЗША.

Рая Кушнер. Скрыншот відэа «Настоящее время»

У 2019 годзе ў Навагрудку адкрылі мемарыяльную сцяну ў памяць пра ўцёкі, яе будаўніцтва прафінансавала сям'я Кушнер. Ёсць у горадзе і музей габрэйскага супраціву, частка экспанатаў таксама была перададзена сям'ёй Чарльза.

Яго сын Джарэд у 2009 годзе ажаніўся з Іванкай Трамп — дачкой будучага прэзідэнта ЗША. У першы тэрмін Трампа ён працаваў старэйшым дарадцам у адміністрацыі і, як лічыцца, меў сур'ёзны ўплыў у фарміраванні як знешняй, так і ўнутранай палітыкі. Нядаўна Джарэд Кушнер заявіў, што не будзе працаваць у новай адміністрацыі цесця. Цяпер пасаду ад прэзідэнта атрымаў яго бацька Чарльз.

У ЗША ў Кушнера-старэйшага сапсаваная рэпутацыя. У 2004-2005 гадах Чарльза судзілі за незаконныя ўнёскі ў выбарчую кампанію дэмакратаў і ціск на сведак. Спачатку бізнэсоўца аштрафавалі на 508 тысяч даляраў, а затым прызначылі два гады турмы. Як устанавіла следства, Кушнер зладзіў цэлую змову супраць мужа сваёй сястры Уільяма Шулдэра, які даваў паказанні ў пракуратуры супраць Кушнера.

Каб аказаць на яго ціск, Чарльз наняў прастытутку, якая павінна была спакусіць Шулдэра ў нумары матэля, дзе была ўсталяваная прыхаваная камера. Відэа Кушнер адправіў сваёй сястры. Федэральны пракурор Крыс Крысці, які вёў гэтую справу, назваў гэта «адным з самых агідных і брыдкіх злачынстваў», з якім яму даводзілася працаваць.

Кушнер у выніку быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі і правёў 14 месяцаў у федэральнай турме і выйшаў на волю ў 2006-м. У 2020 годзе, ужо пасля паразы на выбарах, Трамп памілаваў Кушнера, паводле афіцыйнай версіі, за заслугі ў дабрачыннасці.

Каментары5

  • */*
    01.12.2024
    з сапсаванай рэпутацыяй?
  • Лол
    01.12.2024
    Похоже криминал это необходимое условие чтобы попасть в новую администрацию. Прямо как раша в 90х
  • АУЕ
    01.12.2024
    Не сидел - не мужик.

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні6

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Усе навіны →
Усе навіны

Дональд Туск: Калі Еўропа хоча выжыць, яна павінна ўзбройвацца

Вільня стала самым буйным горадам у краінах Балтыі11

«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў8

Прапагандысты настойваюць, што Шэйман расказаў пра Лукашэнку чыстую праўду — проста ўсё пераблытаў2

Абвясцілі намінантаў на «Залатую маліну». У «Джокера. Вар'яцтва на дваіх» — найбольшая колькасць намінацый

У Белавежскай пушчы з'явіліся незвычайныя «ледзяныя валасы». Што гэта такое?

Трамп даручыў свайму спецпрадстаўніку завяршыць вайну ва Украіне за 100 дзён7

Уладальнік гродзенскага стрып-клуба выпусціў кліп на песню пра саюз Беларусі і Расіі4

Амерыканца, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, выдалілі са спісу вышуку ФБР1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні6

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Галоўнае
Усе навіны →