Нейтральная, але безабаронная. Швейцарыя расчароўваецца ў сваім нейтралітэце
Прынцыпы, якія дзесяцігоддзямі дапамагалі краіне заставацца ўбаку ад ваенных канфліктаў, у новых геапалітычных умовах могуць стаць пагрозай для яе ўласнай бяспекі.
Вайскоўцы швейцарскай арміі. Фота: AP / Keystone / Lukas Lehmann
Толькі траціна вайсковых фарміраванняў краіны мае ўсё неабходнае для бою, а жорсткія экспартныя абмежаванні выціскаюць вытворцаў зброі за мяжу. У нядзелю, 29 лістапада, у Швейцарыі адбудзецца рэферэндум, на якім грамадзяне павінны вырашыць, ці варта змякчыць абмежаванні на экспарт зброі. Аднак, як піша Financial Times,
за гэтым, на першы погляд, эканамічным пытаннем стаіць значна больш глыбокая праблема — будучыня швейцарскага нейтралітэту.
Што засталося ад былой вайсковай моцы
Гістарычна швейцарскі нейтралітэт абапіраўся на моцную армію і развітую абаронную прамысловасць. Пакаленні швейцарцаў праходзілі вайсковую падрыхтоўку, захоўвалі дома вайсковыя вінтоўкі і былі гатовыя ў выпадку ўварвання абараняць краіну, выкарыстоўваючы сістэму ўмацаванняў у Альпах.
У гады халоднай вайны Швейцарыя здолела ўвайсці ў дваццатку найбуйнейшых экспарцёраў зброі ў свеце, а яе прадпрыемствы сталі важнымі пастаўшчыкамі ўзбраенняў і тэхналогій для краін НАТА.
Аднак пасля падзення Берлінскай сцяны, калі пагроза вялікай вайны ў Еўропе здавалася мінулай, Швейцарыя пачала паслядоўна скарачаць вайсковыя выдаткі.
За тры дзесяцігоддзі колькасць вайскоўцаў зменшылася з амаль 800 тысяч да 140 тысяч, танкаў — з 600 да 134, баявых самалётаў — з 260 да 55.
Пры гэтым толькі траціна цяперашніх вайсковых фарміраванняў мае ўсё неабходнае для вядзення баявых дзеянняў.
Запасы боепрыпасаў разлічаныя пераважна на вучэнні, артылерыя састарэла, а сучаснай супрацьпаветранай абароны вялікай далёкасці ў краіны няма.
На пытанне, як доўга Швейцарыя сёння змагла б супрацьстаяць сур'ёзнаму ваеннаму нападу, былы начальнік штаба ўзброеных сіл краіны генерал-маёр Клод Маер (Claude Meier) адказвае: «Магчыма, усяго некалькі дзён».
Паводле ацэнак вайскоўцаў, поўная мадэрнізацыя цяперашніх узброеных сіл абыдзецца ў 50 мільярдаў швейцарскіх франкаў (каля 60 мільярдаў даляраў).
Пры гэтым да 2032 года ўрад плануе давесці абаронныя выдаткі толькі да 1% ВУП, тады як краіны НАТА абавязаліся да 2035 года выдаткоўваць непасрэдна на ваенныя патрэбы 3,5% ВУП.
Нейтралітэт, які перашкаджае пераўзбраенню
Аднаўленне вайсковага патэнцыялу ўскладняецца тым, што цяпер зброя патрэбная ўсёй Еўропе.
Нават фінансавыя магчымасці адной з самых багатых краін свету не гарантуюць ёй своечасовых паставак.
Так, пастаўкі замоўленых у ЗША пяці комплексаў супрацьпаветранай абароны Patriot адкладзеныя як мінімум на пяць гадоў. А праз спрэчку з Вашынгтонам наконт кошту знішчальнікаў F-35 Швейцарыі давялося скараціць запланаваныя закупкі гэтых самалётаў.
Адначасова краіна сама ўскладняе вайсковае супрацоўніцтва са сваімі еўрапейскімі суседзямі. У маі 2022 года швейцарскае заканадаўства было зроблена больш жорсткім, у выніку чаго продаж зброі краінам, якія ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах, стаў практычна немагчымым.
Абмежаванні датычацца і рээкспарту. Напрыклад, Швейцарыя двойчы адмовіла Германіі ў дазволе перадаць Украіне боепрыпасы швейцарскай вытворчасці для зенітных установак Gepard. Заблакавала яна і продаж 96 танкаў Leopard 1, якія пасля рамонту ў Германіі павінны былі адправіцца ва Украіну.
У адказ Нідэрланды перасталі размяшчаць заказы на швейцарскую зброю, а Германія выключыла швейцарскіх вытворцаў з аднаго з вайсковых тэндараў і наладзіла ўласную вытворчасць неабходных боепрыпасаў.
Абаронная прамысловасць сыходзіць за мяжу
На першы погляд, справы швейцарскіх вытворцаў зброі ідуць нядрэнна. Летась аб'ём экспарту ўзбраенняў вырас на 43% і дасягнуў 948 мільёнаў швейцарскіх франкаў.
Аднак на фоне росту сусветнага попыту на зброю вытворцы ўсё часцей аддаюць перавагу развіццю прадпрыемстваў за межамі Швейцарыі, дзе няма такіх жорсткіх экспартных абмежаванняў.
Так, у 2023 годзе нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall адмовіўся ад пашырэння вытворчасці боепрыпасаў у Швейцарыі і адкрыў новую вытворчую лінію ў Германіі. Прычына ў тым, што швейцарскае заканадаўства не дазваляла гарантаваць пастаўкі прадукцыі краінам НАТА ў выпадку ваеннага канфлікту.
Вытворца бронемашын Mowag таксама наладзіў вытворчасць у Германіі, а кампанія Destinus, якая распрацоўвае беспілотнікі і ракеты, перанесла сваю штаб-кватэру ў Нідэрланды.
Асабліва трывожная сітуацыя складваецца ў сферы новых тэхналогій. Швейцарскія ўніверсітэты дасягнулі значных поспехаў у робататэхніцы, штучным інтэлекце і распрацоўцы аўтаномных сістэм. Аднак кампаніі, якія ўзнікаюць на базе гэтых даследаванняў, таксама развіваюць свой вайсковы бізнэс пераважна за мяжой.
У выніку Швейцарыя рызыкуе страціць не толькі вытворчыя магутнасці і працоўныя месцы, але і тэхналогіі, неабходныя для абароны краіны ў будучыні.
Багатая, але слабая
Чым больш вытворчасцяў і тэхналогій Швейцарыя губляе, тым мацней яе бяспека залежыць ад іншых дзяржаў. Пры гэтым у крызісных сітуацыях краіны найперш клапоцяцца пра ўласныя патрэбы.
Швейцарыя пераканалася ў гэтым яшчэ падчас пандэміі каранавіруса, калі Германія спыніла пастаўкі ёй медыцынскіх масак, нягледзячы на ўжо зробленыя заказы. Вырашыць праблему ўдалося збольшага дзякуючы таму, што Швейцарыя сама вырабляла неабходныя Германіі апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Калі ж у краіне прыйдзе ў заняпад абаронная прамысловасць, у выпадку ваеннага крызісу магчымасці для падобных дамоўленасцяў будуць значна меншыя.
Менавіта таму на нядзельны рэферэндум вынесена прапанова змякчыць абмежаванні на экспарт зброі. У выпадку яе падтрымкі Швейцарыя зможа працягваць пастаўкі ўзбраенняў 36 краінам-партнёрам, нават калі тыя будуць уцягнутыя ў ваенны канфлікт. Таксама будуць змякчаныя правілы перадачы швейцарскай зброі трэцім краінам.
Чытайце таксама:
Швейцарцы на рэферэндуме адкінулі ідэю пра недапушчальнасць санкцый супраць Расіі
Швейцарыя выступіла супраць абмежавання колькасці насельніцтва