Былы галаўкам УСУ Сырскі паехаў дапамагаць мацаваць абарону нарвежцам
Былы галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі дапамог Нарвегіі ацаніць магчымасці ўмацавання супрацьпаветранай абароны на мяжы з Расіяй. Нарвежскія вайскоўцы запрасілі яго падзяліцца ўкраінскім баявым досведам і вывучыць мясцовасць паблізу моцна мілітарызаванай расійскай тэрыторыі на Кольскім паўвостраве, расказала выданне Barents Observer.
Начальнік Генеральнага штаба Нарвегіі Эйрык Крыстаферсэн і Аляксандр Сырскі. Фота: arctictoday.com
Падчас сакрэтнай місіі Сырскі, які ўзначальваў УСУ ў 2024—2026 гадах, разам з начальнікам Генеральнага штаба Нарвегіі Эйрыкам Крыстаферсэнам агледзеў памежную мясцовасць. Размова адбывалася на памежнай заставе Ярф'ёрд, прыкладна за кіламетр ад расійскай мяжы.
Каментуючы магчымасць расійскіх правакацый на Крайняй Поўначы, Сырскі заявіў, што да іх трэба быць гатовымі пастаянна, а супрацьпаветраная абарона павінна знаходзіцца ў стане баявой гатоўнасці кругласутачна.
Паводле слоў Крыстаферсэна, пасля агляду мясцовасці вайскоўцы планавалі адправіцца ў Осла, каб правесці штабныя вучэнні. Падчас іх збіраліся разгледзець розныя сцэнарыі развіцця падзей, вызначыць спосабы стрымлівання Расіі і магчымыя дзеянні ў выпадку ўзнікнення пагроз.
З расійскага боку мяжы, у Мурманскай вобласці, знаходзіцца авіябаза далёкай авіяцыі «Аленяя». Менавіта адтуль узляталі сем бамбавікоў Ту-95МС, якія запускалі ракеты Х-101, што праляцелі над тэрыторыяй Украіны і ўвайшлі ў паветраную прастору Польшчы. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў гэта наўмыснай правакацыяй Масквы. Ён звярнуў увагу, што ракеты заляцелі ў краіну непадалёк ад месца правядзення міжнародных вучэнняў з удзелам тысяч вайскоўцаў НАТА.
Сырскі заявіў, што Украіна і надалей будзе рабіць усё магчымае, каб максімальна аслабіць здольнасць Расіі наносіць удары па ўкраінскай тэрыторыі, насельніцтве і інфраструктуры, выкарыстоўваючы ўсе даступныя сродкі.
Падчас візіту Сырскі і Крыстаферсен таксама агледзелі з назіральнай вышкі пасёлак Печанга, дзе дыслакуецца 71‑я гвардзейская мотастралковая дывізія расійскіх войскаў. Яе сфармавалі ў мінулым годзе на базе 200‑й асобнай мотастралковай брыгады.
Эксперт Нарвежскага інстытута абаронных даследаванняў Крысціян Отланд лічыць прыцягненне Сырскага да ацэнкі абароны нарвежскай мяжы цалкам натуральным з улікам досведу УСУ ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Паводле яго слоў, візіт варта разглядаць не столькі як палітычны сігнал, колькі як практычную спробу ўмацаваць абарону Нарвегіі і лепш зразумець цяперашнія і будучыя пагрозы бяспецы з боку Расіі.
Чытайце таксама:
Сырскі ўпершыню распавёў пра свой канфлікт з экс-міністрам абароны Міхаілам Фёдаравым
Сырскі патлумачыў, чаму адправіў войскі ў Курскую вобласць, а не абараняць Пакроўск
Сырскі апублікаваў ФОТА з сабакам
Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі