БЕЛ Ł РУС

У SALT пацвердзілі выцек персанальных звестак, праз што ў Беларусі ідуць ператрусы

26.11.2026 / 20:11

Nashaniva.com

Як учора паведамляла «Наша Ніва», у Беларусі адбываюцца ператрусы ў атрымальнікаў стыпендыяў адукацыйнай праграмы Еўразвязу EU4Belarus — SALT і іхніх сваякоў. Адна з магчымых прычын дэананімізавання ўдзельнікаў — памылка пры рассыланні інфармацыйнага бюлетэня ў траўні 2026 года. «Белсат» запытаўся ў арганізатараў праграмы пра абставіны інцыдэнту, а таксама разабраўся, як можна было яго пазбегнуць і хто мусіць несці адказнасць за бяспеку ўдзельнікаў такіх ініцыятываў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

У аддзеле камунікацыі Цэнтральнага агенцтва кіравання праектамі (CPMA) у адказ на запыт «Белсата» паведамілі, што на гэты момант не маюць надзейнай інфармацыі адносна паведамленняў пра ператрусы па месцы жыхарства ўдзельнікаў праграмы і чальцоў іхных сем’яў у Беларусі.

Разам з тым у агенцтве пацвердзілі факт выцеку персанальных звестак.

«Мы пацвярджаем, што ў траўні 2026 года ў выніку чалавечай памылкі адбыўся выцек персанальных звестак, падчас якога адрасы электроннай пошты некаторых удзельнікаў праграмы і асобаў, звязаных з ёю, сталі даступнымі ўнутры супольнасці праграмы. Пасля выяўлення інцыдэнту ўсе асобы, якіх ён закрануў, і адпаведныя органы Літвы былі праінфармаваныя», — гаворыцца ў адказе на запыт «Белсата».

У CPMA падкрэслілі, што бяспека ўдзельнікаў праграмы і абарона іхніх персанальных звестак маюць для агенцтва першачарговае значэнне. Цяпер там вывучаюць наяўную інфармацыю ў супрацы з іншымі адпаведнымі ўстановамі, каб выявіць факты і высветліць усе абставіны.

«У адсутнасць афіцыйнай інфармацыі мы ўстрымліваемся ад каментавання абставін, апісаных у паведамленнях медыяў, а таксама ад заўчасных высноў», — адзначылі ў агенцтве.

Чытайце таксама:

Адбываюцца ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі па праграме ЕС EU4Belarus — SALT, і іх сваякоў

У Вільні пакажуць раструшчаны сілавікамі бюст Івана Луцкевіча. Да 120‑годдзя «НН» Беларускі музей адкрывае выставу з унікальнымі экспанатамі

Больш за 100 тысяч фактаў пераследу: «Вясна» апублікавала сумную статыстыку шасці гадоў рэпрэсій

Каментары да артыкула