БЕЛ Ł РУС

У Мінску адкрылі пасольства Нікарагуа

26.11.2026 / 22:38

Nashaniva.com

26 лістапада ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пасольства Рэспублікі Нікарагуа ў Беларусі, паведамляе БелТА.

Дарадца сустаршыняў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва, сустаршыня беларуска-нікарагуанскай сумеснай камісіі Лаўрэана Артэга Мурыльё назваў адкрыццё пасольства важнай вяхой у развіцці двухбаковых адносін. 

Артэга Мурыльё таксама адзначыў, што падчас пятага пасяджэння беларуска-нікарагуанскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якое адбылося 26 лістапада ў Мінску, былі дасягнутыя дамоўленасці аб далейшым развіцці адносін паміж дзвюма краінамі.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў выказаў упэўненасць, што адкрыццё пасольства Нікарагуа надасць новы імпульс пашырэнню супрацоўніцтва паміж Мінскам і Манагуа. Ён таксама выказаў спадзяванне, што на працягу найбліжэйшых некалькіх месяцаў у сталіцы Нікарагуа пачне працаваць беларуская дыпламатычная місія.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Нікарагуа былі ўстаноўленыя ў 1994 годзе. Паводле намесніка кіраўніка МЗС, калі раней гадавы тавараабарот вымяраўся дзясяткамі ці сотнямі тысяч даляраў, то цяпер ён складае мільёны. Колькасць беларускіх машын і іншай тэхнікі, пастаўленай у Нікарагуа, вылічваецца тысячамі.

Чытайце таксама:

У Мінску акрэдытавалі новага аўстрыйскага вайсковага дыпламата

Чэхія аднавіла выдачу шэнгенскіх віз беларусам

Рыбакоў паразважаў, ці вернецца пасольства ЗША ў Мінск

Каментары да артыкула