Новы рэстаранны трэнд — хадзіць на вячэру аднаму
Паход у рэстаран без кампаніі ўсё часцей успрымаецца не як прыкмета адзіноты, а як спосаб адпачыць і паклапаціцца пра сябе.
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: сацыяльныя сеткі
Як піша BBC, у Вялікабрытаніі ўсё больш людзей ходзяць у рэстараны без кампаніі. Прычым гаворка ідзе не пра тых, хто вымушаны есці паасобку, напрыклад, падчас камандзіровак, а пра людзей, якія свядома выбіраюць такі спосаб бавіць час.
Паводле анлайн-сэрвісу OpenTable, які супрацоўнічае з больш як пяццю тысячамі брытанскіх рэстаранаў, за першыя восем месяцаў 2026 года колькасць браніраванняў столікаў на аднаго вырасла на 23% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Хоць іх доля ў агульнай колькасці браніраванняў застаецца найменшай, менавіта гэтая катэгорыя расце найхутчэй.
На думку спецыялістаў па гастранамічных трэндах, новай з'яўляецца не сама звычка хадзіць у рэстараны аднаму, а стаўленне да яе ў грамадстве.
Калі традыцыйна наведванне рэстарана ўспрымалася перадусім як магчымасць правесці час з іншымі людзьмі, то цяпер яно ўсё часцей становіцца адной з форм клопату пра сябе. Чалавек можа дазволіць сабе вячэру ў дарагой установе проста дзеля ўласнага задавальнення, не чакаючы асаблівай нагоды.
Прывабнасць такога адпачынку яшчэ і ў тым, што можна самастойна выбіраць, калі і куды пайсці. Не трэба падладжвацца пад чужы графік ці шукаць рэстаран, меню якога задаволіла б усіх, напрыклад і аматараў мяса, і вегетарыянцаў.
А для некаторых сама магчымасць атрымліваць задавальненне ад такога вечара, не маючы патрэбы ў кампаніі, становіцца праявай асабістай незалежнасці.
Аднак магчымасць наведаць рэстаран без кампаніі залежыць не толькі ад жадання самога чалавека. Далёка не ўсе ўстановы ахвотна прымаюць такіх кліентаў, бо адзін наведвальнік за столікам, разлічаным на двух ці больш чалавек, можа прыносіць менш выручкі.
Сайт SoloTable, які дапамагае знаходзіць рэстараны, дзе ахвотна прымаюць наведвальнікаў без кампаніі, вывучыў 178 лонданскіх устаноў. Высветлілася, што кожная восьмая з іх не дазваляе забраніраваць праз інтэрнэт столік на аднаго.
Іншыя ж рэстаратары бачаць у новай тэндэнцыі магчымасць прыцягнуць дадатковых кліентаў і адпаведным чынам арганізуюць прастору сваіх устаноў. Напрыклад, прадугледжваюць месцы за барнай стойкай і высокія столікі, за якімі чалавеку можа быць камфортней сядзець аднаму.
Улічваюць і асаблівасці абслугоўвання такіх наведвальнікаў. Персанал павінен умець падтрымаць размову з кліентам, калі той настроены на зносіны, але пры гэтым адчуваць, калі чалавек хоча пабыць адзін.