У Японіі ўпершыню ў гісторыі штучна вывелі птушаня рэдкага пінгвіна
У японскім заапарку Adventure World у прэфектуры Вакаяма ўпершыню ў свеце вывелі птушаня чубатага пінгвіна з дапамогай штучнага апладнення. Пра гэта паведамляе выданне Nippon.
Фота: заапарк Adventure World / @aws_official, X
Птушаняты гэтага віду маюць характэрныя жоўтыя «бровы» — пучкі яркіх пёраў над вачыма. Чубатыя пінгвіны жывуць на субантарктычных астравах, Тасманіі і Вогненнай Зямлі, а таксама сустракаюцца на ўзбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. У дзікай прыродзе яны ў сярэднім жывуць 10—15 гадоў, а ў заапарках — 20—25 гадоў.
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў колькасць гэтых птушак скарачаецца праз змяненне клімату. Міжнародны саюз аховы прыроды аднёс від да катэгорыі знікаючых і ўключыў яго ў Чырвоную кнігу. Цяпер колькасць чубатых пінгвінаў ацэньваецца прыкладна на 400 тысяч дарослых асобін.
Птушаня вылупілася яшчэ 28 кастрычніка. Пры нараджэнні яно важыла 62 грама, а цяпер ягоная вага дасягнула 561 грама.
У заапарку паабяцалі паказаць птушаня наведнікам, калі яно падрасце і стане самастойным.
Чытайце таксама:
У Антарктыдзе рэзка скарацілася калісьці найбуйнейшая калонія пінгвінаў. Іх меней аж на паўмільёна