БЕЛ Ł РУС

Пазняк расказаў пра рускамірскую агрэсію супраць Офіса Ціханоўскай

27.11.2026 / 20:53

Nashaniva.com

Адбываецца «метадалагічна сістэмнае знішчэнне палітычнага вобразу Святланы Ціханоўскай і элементаў беларушчыны з боку рускага міру ў адмыслова прымітыўнай, грубай і зневажальнай манеры», піша ў сваім тэлеграм-канале ветэран беларускага руху Зянон Пазняк.

Зянон Пазняк. Фота з сацсетак

«Брыдкі канфлікт, які навязаны для прагляду беларусам у Сеціве, не з'яўляецца сямейным канфліктам Ціханоўскіх. Гэта метадалагічна сістэмнае знішчэнне палітычнага вобразу Святланы Ціханоўскай і элементаў беларушчыны з боку «рускага міру» ў адмыслова прымітыўнай, грубай і зневажальнай манеры.

Тут істотна тое, што «рускаму міру» не патрэбныя ў перспектыве ні напалову прарасейская Ціханоўская, ні агентурны «Офіс Ціханоўскай». Гэтак жа, як не патрэбны будзе і Лукашэнка (там толькі пытанне часу)», — сцвярджае Зянон Пазняк.

Пры гэтым, як бачна, сваёй ранейшай неаднаразова выказванай негатыўнай думкі пра Офіс Ціханоўскай ён не мяняе і не шкадуе на яго адрас самых знішчальных характарыстык. Гэты цэнтр беларускай актыўнасці, на думку ветэрана беларускага руху,

«апанаваны прамаскоўскай агентурай, ёсць залежным грантавым «проксі» брусэльскай палітыкі. Група стварылася пры арыентацыі на пуцінскую Маскву, яна варожая палітыцы Беларускага Адраджэння і гісторыі Беларускага Адраджэння 1980— 1990‑х гадоў, падтрымлівае расейскую русіфікатарскую сістэму «двуязычія», называе прарасейскі антыбеларускі рэжым Лукашэнкі «беларускім рэжымам», ухваляе эканамічныя санкцыі супраць народа Беларусі і адначасна выступае супраць дыктатуры Лукашэнкі, карыстаецца фінансаваннем Еўразвязу».

Тым не менш, нават пры такім наборы цяжкіх грахоў усё ж мае значэнне тое, што хоць гэта група, на думку Зянона Пазняка, «здольная да супрацоўніцтва з Масквой па сутнасці», яна ўсё ж

«знешне выяўляе нацыянальную рыторыку, карыстаецца збольшага беларускай мовай і аб'ектыўна сведчыць сваёй імітацыяй дзейнасці пра існаванне Беларусі ў міжнароднай прысутнасці».

І менавіта гэта, маўляў, не задавальняе «рускі мір», які «ў прынцыпе не дапускае нічога беларускага ні па зместу, ні па форме». Менавіта гэта Пазняк і назірае на падзеленым на тры часткі відэа Сяргея Ціханоўскага ў ютубе: 

«Пасярэдзіне змешчаныя кадры агрэсіўнага інтэрв'ю Ціханоўскага ў пытаннях да Ціханоўскай, а злева і справа ў кадры два рускамірцы беларускага паходжання (адзін у вобразе каментатара, другі ў вобразе мужа), якія пацяшаюцца адзін з аднаго і здзекуюцца з Ціханоўскай ды з яе беларускай мовы, на якой добра гаворыць Ціханоўская».

На аснове гэтых назіранняў Пазняк робіць выснову:

«Крытыка супраць Ціханоўскай з агрэсіўнай пазіцыі «рус-міра» — гэта з'ява антыбеларускага паходжання. Базавыя асновы нацыі (тое, што датычыць існавання ўсіх) — гэта нацыянальная мова, нацыянальная дзяржава, нацыянальная незалежнасць. Супраць гэтых асноў вольных народаў у першую чаргу накіраваная агрэсія рускага міру і ў цэлым Расеі».

Найлепшы ж і адзіна дзейсны спосаб усёй гэтай агрэсіі рускага міру і Расіі супрацьстаяць, на думку Пазняка — знішчэнне ўсіх пагалоўна, і крытыкаў, і крытыкаваных. Група ягоных прыхільнікаў

«стаіць за ліквідацыю антыбеларускай палітыкі ў любой форме — у рэжымнай антыбеларускай (Лукашэнка), у апазіцыйнай прабрусэльскай (ОСЦ) і ў прамаскоўскай антыбеларускай («рус-мір» і рашызм)». 

Чытайце таксама:

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Пракоп'еў: Бабарыка не выканае сваёй місіі, калі не аб'яднаецца з Ціханоўскім, чые стрымы маюць вялікую грамадскую карысць

Ціханоўскі заявіў, што дамовіўся з Бабарыкам і Калеснікавай пра ўдзел у «Аб'яднаным Офісе». Тыя адмаўляюць гэта

«Табе яшчэ прыйдзецца выбачыцца». Ціханоўскі адказаў Севярынцу

Севярынец: Ціханоўскі перайшоў чырвоную рысу. Не ганьбі мужчынаў і беларусаў. Вяртайся

Сяргей Ціханоўскі абурыўся беларускай мовай Святланы Ціханоўскай

Каментары да артыкула