БЕЛ Ł РУС

Кубракоў прапанаваў перад здачай экзаменаў на правы вазіць прэтэндэнтаў на месцы смяротных ДТЗ

27.11.2026 / 21:18

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прапанаваў перад здачай экзаменаў на атрыманне пасведчання кіроўцы прывозіць будучых кіроўцаў на месцы дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі людзі. Паводле яго слоў, такая мера магла б дапамагчы прадухіліць грубыя парушэнні правіл дарожнага руху.

Іван Кубракоў. Фота: прэс-служба МУС

Іван Кубракоў прызнаў, што прапанова можа падацца жорсткай, але заявіў, што некаторыя парушэнні настолькі небяспечныя, што кіроўцы фактычна паводзяць сябе як самагубцы.

Міністр таксама звярнуў увагу на рост колькасці аварый з удзелам непаўналетніх за стырном. Паводле яго слоў, нягледзячы на агульнае змяншэнне ў Беларусі колькасці ДТЗ са смяротным вынікам, колькасць такіх здарэнняў з непаўналетнімі павялічылася.

У якасці прыкладу Кубракоў прывёў нядаўнюю аварыю ў Лельчыцкім раёне, у якой загінулі адразу трое падлеткаў. Пяцёра непаўналетніх узялі аўтамабіль, выпілі алкаголь, пасля чаго адбылося ДТЗ. Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся ў Вілейскім раёне: 18‑гадовая дзяўчына, якая вучылася кіраваць аўтамабілем, вырашыла прадэманстраваць хлопцу свае навыкі і загінула.

Кубракоў заклікаў грамадзян паведамляць міліцыі пра парушэнні правіл дарожнага руху, у тым ліку праз тэлеграм-бот МУС. Ён падкрэсліў, што паведамленні пра сур'ёзныя парушэнні могуць дапамагчы выратаваць нечае жыццё, і заклікаў не ўспрымаць такія звароты як даносы.

Чытайце таксама:

Кубракоў: У Беларусі вярбуюць школьнікаў для масавых забойстваў

Кубракоў папярэдзіў, што будучыя пратэсты ў Беларусі будуць разганяць інакш

Кубракоў — даішнікам: Нікога не бойцеся! Важная гатоўнасць прымяніць зброю

Кубракоў прапануе дазволіць сілавікам «у асаблівых умовах» дзейнічаць без санкцыі пракурора

Каментары да артыкула