БЕЛ Ł РУС

Мелоні раскрытыкавала Зяленскага за ўдар у Лівіі без папярэджання Італіі

28.11.2026 / 12:20

Nashaniva.com

Італія мяркуе, што ўдар Украіны па расійскіх суднах у порце Бенгазі парушыў суверэнітэт Лівіі і стварае пагрозу распаўсюджвання вайны на Міжземнае мора. Кіеў прызнаў, што не ўзгадніў гэтую аперацыю з партнёрамі, паведамляе РБК Украіна.

Фота: Stefano Costantino/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні 27 лістапада правяла тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Яна выказала занепакоенасць італьянскага ўрада аперацыяй украінскіх сіл у Бенгазі.

«Аперацыя парушыла суверэнітэт Лівіі і стварае рызыку распаўсюджвання канфлікту на Міжземнае мора», — гаворыцца ў заяве ўрада Італіі.

Мелоні падкрэсліла, што Італія працягвае падтрымліваць Украіну на шляху да справядлівага і трывалага міру. Аднак, паводле яе слоў, гэтая падтрымка не азначае згоды на крокі, якія ставяць пад пагрозу бяспеку Італіі і ўсяго рэгіёна.

Паводле італьянскага боку, Зяленскі пацвердзіў, што аперацыя была праведзеная без папярэдняга ўзгаднення з партнёрамі. Ён заявіў, што разумее занепакоенасць Італіі, і паабяцаў забяспечыць поўны абмен інфармацыяй і пастаянную прамую сувязь.

Зяленскі таксама пракаментаваў размову з Мелоні.

«Я пацвердзіў, што нядаўняя аперацыя ў Лівіі была праведзеная без папярэдняга ўзгаднення з нашымі еўрапейскімі партнёрамі», — заявіў Зяленскі.

Італьянская газета Il Foglio са спасылкай на ўрадавыя крыніцы піша, што падчас размовы Зяленскі папрасіў прабачэння ў Мелоні. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

Паводле звестак Bloomberg, размова лідараў была напружанай. Суразмоўца агенцтва расказаў, што пасля атакі адносіны паміж Кіевам і Рымам, якія раней былі цёплымі, прыкметна пагоршыліся.

Выданне нагадвае, што наступным годам Мелоні чакаюць перавыбары. Частка яе кааліцыі і апазіцыі займае пазіцыі, якія лічацца прарасійскімі, а магчымае набліжэнне вайны да Італіі праз Лівію стварае для прэм'ер-міністаркі палітычныя рызыкі.

Заява Рыма таксама супярэчыць словам Зяленскага ў інтэрв'ю Бі-бі-сі. Тады ён казаў, што Украіна не праводзіць такія аперацыі без кансультацый з партнёрамі, але не ўдакладняў, з якімі менавіта.

Міністр абароны Італіі Гвіда Крозета, паводле паведамленняў італьянскіх СМІ, перад размовай лідараў заявіў, што Зяленскі схлусіў наконт удару ў Лівіі.

Чытайце таксама:

У Лівіі знішчаны расійскі ракетны карвет «Меркурый»

Лівійскія ўлады пацвердзілі выбух на расійскім судне ў Бенгазі. Не выключаюць атаку дронаў

Лівійская армія паведаміла, што адбіла новую атаку марскіх дронаў у Бенгазі

Каментары да артыкула