Беларусы абмяркоўваюць, што рабіць пасля блакіроўкі Spotify, і называюць альтэрнатывы
«Яндэкс слухаць немагчыма, там адзін ШІ».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
З 1 снежня 2026 года ў Беларусі абмяжуюць доступ да музычнага сэрвісу Spotify з ініцыятывы беларускага боку. Беларусы пачалі актыўна абмяркоўваць, ці можна будзе працягнуць карыстацца сэрвісам і чым наогул замяніць Spotify.
Вынікі года адмененыя?
Паколькі дакладна невядома, што менавіта адбудзецца з сэрвісам з 1 снежня, многіх беларусаў цікавіць пытанне, што будзе з «вынікамі года», якія сэрвіс звычайна публікуе ў першыя дні снежня.
Многія спадзяюцца, што для таго, каб паглядзець вынікі года і пасля падзяліцца імі ў інстаграме, дастаткова будзе ўсталяваць VPN. Частка аўдыторыі наогул лічыць, што з дапамогай VPN можна будзе працягваць карыстацца Spotify, таму раіць іншым не спяшацца з выдаленнем дадатку і адменай падпісак.
Таксама пішуць, што нібыта карыстальнікі Spotify у Расіі атрымліваюць доступ да сэрвісу праз індыйскія акаўнты.
Некаторыя прызнаюцца, што знаходзяцца ў поўнай роспачы ад такога рашэння. «Spotify — неад'емная частка майго жыцця, дзе літаральна ўсё маё жыццё за апошнія 5 гадоў», — пішуць у сацсетках.
У абмеркаваннях пад допісамі ў трэдсах ужо можна натыкнуцца на памагатараў, якія гатовыя аформіць падпіску тэрмінам на 3, 6 або 12 месяцаў.
Якую альтэрнатыву разглядаюць?
Некаторыя пытаюцца, ці жывы яшчэ сайт «Зайцев.нет», які быў папулярны для спампоўвання музыкі ў 2000‑я і 2010‑я гады.
Пры гэтым многія ў пошуках альтэрнатывы не хочуць карыстацца расійскім «Яндэкс Музыка».
«Яндэкс слухаць немагчыма, там адзін ШІ», — наракаюць.
Apple Music таксама не ўсім падыходзіць. Адныя скардзяцца на высокі кошт падпіскі, іншыя на выбар трэкаў.
«У Apple Music няма паловы трэкаў, што ёсць у Spotify», — лічыць адзін з каментатараў.
«Як быццам альтэрнатывы асабліва няма (пра «Яндэкс» нават не хачу думаць)», — напісала іншая дзяўчына. Хтосьці адзначае, што ў «Яндэкс Музыцы» песень яшчэ менш, чым у Apple Music.
«М-да, цяпер выбар: альбо «Яндэкс», альбо дарагі Apple Music — у Spotify хоць цана чалавечая была», — абмяркоўваюць забарону сэрвісу.
Але выглядае, што прынамсі частка ўжо перайшла на Apple Music, перанёсшы туды свае плэйлістры. Адзін з каментатараў, які так зрабіў, паведаміў, што ў выніку ён не далічыўся не так ужо і шмат трэкаў, якія былі даступныя ў Spotify.
Што яшчэ, апроч «Яндэкс» і Apple?
Выглядае, што альтэрнатывай для Spotify у Беларусі можа стаць YouTube Music.
«YouTube Music — топ», «У ютубе поўна цікавай музыкі» — падобныя каментары пішуць многія.
Таксама людзі адзначаюць, што з платным YouTube у якасці бонуса атрымліваецца магчымасць глядзець відэа без рэкламы, таму многія сыходзяцца ў меркаванні, што менавіта YouTube можа стаць найлепшым заменнікам Spotify.
Яшчэ некалькі чалавек параілі сэрвіс Tidal.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Чаму ў Беларусі заблакуюць Spotify?
З 1 снежня 2026 года ў Беларусі абмяжуюць доступ да музычнага сэрвісу Spotify па рашэнні Міністэрства па падатках і зборах. Прычынай блакіроўкі афіцыйна стала непагашаная запазычанасць замежнай кампаніі перад беларускім бюджэтам па падатку на дададзеную вартасць.
Па пытаннях вяртання грошай за неаказаныя паслугі карыстальнікам рэкамендуюць звяртацца непасрэдна да самой кампаніі.