У Мінску з'явіцца новая шасціпалосная магістраль
У Мінску плануюць пабудаваць новую магістраль, якая злучыць Кастрычніцкі і Маскоўскі раёны. Праект прадугледжвае працяг так званага трэцяга транспартнага кола: дарога пачнецца ад вуліцы Чурлёніса і працягнецца да вуліцы Каржанеўскага. Пра гэта паведаміў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панёў.
Здымак ілюстрацыйны
Новая траса пачнецца ад вуліцы Чурлёніса, на адным узроўні перасячэ вуліцу Каралінскую, а затым па наяўным рэльефе падыдзе да чыгункі. Над ёй пабудуюць пуцеправод, які злучыцца з вуліцай Каржанеўскага. Таксама прадугледжаны з'езд на вуліцу Ландара. Саму вуліцу Ландара рэканструююць і крыху перасунуць бліжэй да чыгункі, каб забяспечыць нармальную працу левага паваротнага з'езда з пуцеправода.
Магістраль будзе шасціпалоснай — па тры паласы руху ў кожным кірунку. Праект уключае будаўніцтва пуцеправода праз чыгунку і перакладку цеплавых, водаправодных і электрычных сетак. Пры гэтым дзейныя аб'екты будуць працягваць працаваць без адключэнняў.
Побач з дарогай абсталююць паркоўкі і прыпынкі грамадскага транспарту, а таксама пешаходныя злучэнні і веладарожкі.
Падрыхтоўчыя работы на аб'екце прадпрыемства разлічвае пачаць у канцы 2026 года. Да асноўнага будаўніцтва з маштабнымі землянымі работамі плануюць прыступіць у канцы студзеня 2027 года. Адкрыць рух па новай магістралі спадзяюцца ў 2028 годзе.
Будаўніцтва пуцеправода будзе падобнае да работ на пуцеправодзе Калеснікава — Ратамская. Паслядоўнасць уключае земляныя работы, узвядзенне апор, рыгеляў і бэлек, а таксама ўладкаванне праезнай часткі. Акрамя таго, абновяць частку вуліцы Каржанеўскага.
Будаўніцтва можа паўплываць на працу грамадскага транспарту: магчымыя пераносы прыпынкаў і часовыя схемы аб'езду ўчасткаў, дзе будуць весціся работы. Аднак кірункі руху маршрутаў не зменяцца.
Пуцеправод плануюць будаваць кругласутачна. Паколькі работы будуць праводзіцца побач з жылой забудовай, найбольш шумныя працэсы па магчымасці будуць выконваць у светлы час сутак, а ўначы старацца пазбягаць гучных работ.
Праект таксама прадугледжвае меры для памяншэння нязручнасцяў для жыхароў. Рух транспарту на ўсіх этапах будаўніцтва абяцаюць захаваць, а пра магчымыя абмежаванні пешаходных маршрутаў і змены ў транспартнай схеме загадзя паведамляць. У дамах, якія трапляюць у зону акустычнага ўздзеяння, разглядаецца неабходнасць замены вокнаў на шумаахоўныя.
На працягу ўсяго будаўніцтва павінен захоўвацца доступ да сацыяльных аб'ектаў — дзіцячых садкоў, школ і паліклінік.
Чытайце таксама:
На пуцеправодзе паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным у Мінску ўжо ўключаюць падсветку ФОТАФАКТ
Мост паміж Сярова і Шпілеўскага ў Мінску пачнуць будаваць у наступным годзе
Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года