Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года
Маставы пераход цераз чыгуначныя пуці напрамую звяжа Фрунзенскі і Цэнтральны раёны сталіцы ды дазволіць кіроўцам не аб’язджаць праз МКАД. Будоўля ўжо наблізілася да фіналу, аднак перад запускам руху канструкцыю яшчэ чакаюць складаныя выпрабаванні.

Пра тое, на якім этапе знаходзіцца будаўніцтва, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны». Паводле слоў дырэктара генпадрадчыка — Мостабудаўнічага ўпраўлення (МБУ) № 2 «Мастабуда» Сяргея Рубчэні, агульная гатоўнасць аб’екта складае каля 95 %, хаця яшчэ ў сярэдзіне лета яна не дасягала і паловы.
Даўжыня збудавання складае 381 метр. Яно налічвае 13 пралётаў, на якіх ужо змантавалі ўсе 224 жалезабетонныя бэлькі. За выключэннем аднаго кароткага 18‑метровага пралёта, на астатніх выкарысталі бэлькі даўжынёй 33 метры і масай звыш 60 тон кожная. Апоры ўжо цалкам узведзеныя, бэлечныя перакрыцці выкладзеныя, а маставое палатно, якое будзе ўключаць выраўняльны пласт бетону і ахоўны пласт асфальтабетону, уладкаванае больш чым напалову.

Зараз мостабудаўнікі працуюць на верхніх участках пуцеправода: кладуць асфальтабетонную сумесь і тратуарную плітку, робяць гідраізаляцыю дарожнага палатна, мантуюць парэнчавыя агароджы і асвятляльныя мачты. З 24 запраектаваных мачтаў засталося ўсталяваць пяць. На частцы пераходу ўжо ляжыць асфальт і нанесеная дарожная разметка.


Паводле слоў Сяргея Рубчэні, да канца лістапада на аб’екце завершаць усе маналітныя работы, а затым — асфальтабетонныя. Аднак адразу пасля гэтага транспарт на пуцеправод не пусцяць: спачатку неабходна атрымаць усю дазвольную дакументацыю, усталяваць спецыяльныя датчыкі і правесці выпрабаванні з выкарыстаннем шматтоннай тэхнікі. Гэтую праверку плануюць правесці ў першай палове снежня, каб адкрыць рух да канца 2026 года.

На будаўніцтве задзейнічана каля 120 чалавек, якія працуюць кругласутачна, без выхадных і святаў. У пікавыя дні колькасць работнікаў на пляцоўцы дасягала 160. Акрамя асноўнага мантажу, яны выконваюць увесь комплекс спадарожных работ, уключаючы аздабленне і афарбоўку канструкцый.

Падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі запатрабавала шмат часу праз вялікую колькасць інжынерных сетак, якія праходзілі ў межах забудовы і перасякаліся ў розных плоскасцях. Перад пачаткам узвядзення апор падрадчыку трэба было атрымаць дазволы ад эксплуатацыйных арганізацый, закупіць матэрыялы, выняць грунт, уладкаваць новыя камунікацыі і зноў засыпаць іх. У выніку праект ахапіў як сам пуцеправод, так і пераўладкаванне ліўневай каналізацыі, цеплатрасы, водазабеспячэння, кантактнай сеткі на чыгуначных пуцях і азеляненне прылеглай тэрыторыі.
Найбольш адказным этапам стаў пераход пуцеправода непасрэдна праз чыгунку. Як распавёў Сяргей Рубчэня, для працы днём і ноччу будаўнікам давалі «вокны» працягласцю ўсяго па дзве гадзіны, прычым гэтыя тэрміны рэгламентаваліся загадзя — за 70 дзён да пачатку мантажу.

Новыя з’езды і працяг трэцяга кальца
Адначасова з будаўніцтвам пуцеправода рэканструявалі прылеглую вулічна-дарожную сетку. На самім мосце прадугледжана па тры паласы для руху ў кожным кірунку. З боку вуліцы Ціміразева кіроўцы змогуць з’язджаць з пуцеправода і паварочваць як налева — у бок МКАД, так і направа — у цэнтр горада. З боку вуліцы Калеснікава аб’ём работ аказаўся меншым: там з’езд падключылі да існай дарожнай сеткі і ўсталявалі святлафоры на бліжэйшым скрыжаванні.
Гэты пуцеправод стане першым злучальным звяном трэцяга транспартнага кальца Мінска і, як чакаецца, разгрузіць гарадскія вуліцы разам з МКАД. Наступным крокам павінна стаць будаўніцтва другога звяна кальца — яшчэ аднаго пуцеправода праз чыгунку, які злучыць вуліцы Каржанеўскага і Чурлёніса. У МБУ № 2 «Мастабуда» ўжо заявілі, што гатовыя ўзяцца і за гэты аб’ект.
Каментары