БЕЛ Ł РУС

Украінцы нанеслі ўдары па трох важных расійскіх нафтавых аб'ектах

28.11.2026 / 20:34

Nashaniva.com

Сілы абароны Украіны ў ноч на 28 лістапада нанеслі ўдары па трох аб’ектах нафтавай галіны Расіі, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Image

У раёне населенага пункта Прасвет Самарскай вобласці ўкраінцы паразілі лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю «Самара». У рэзервуарным парку пачаўся пажар. Гэта адзін з ключавых вузлоў кампаніі «Транснафта», дзе фармуецца экспартная нафтавая сумесь Urals. Праз станцыю праходзіць да паловы расійскага экспарту нафты.

Таксама ў Башкартастане ўдарылі па лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Нурліна», размешчанай больш чым за 1200 кіламетраў ад украінскай мяжы. Яна ўваходзіць у сістэму магістральных нафтаправодаў «Транснафты» і забяспечвае перапампоўванне значных аб’ёмаў расійскай нафты.

Трэцім аб’ектам стаў Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы завод у Растоўскай вобласці, здольны перапрацоўваць да 7,5 мільёна тон нафты за год. У раёне прадпрыемства зафіксавалі выбухі і пажар. Маштаб нанесеных пашкоджанняў высвятляецца.

Акрамя таго, Генштаб паведаміў пра вынікі некаторых папярэдніх удараў. Пацверджана знішчэнне рэзервуара РВС-20000 на станцыі «Самара» 13 лістапада, а таксама пяці вертыкальных рэзервуараў і пашкоджанне ўстановак першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-4 і АВТ-5 на Куйбышаўскім НПЗ у Самары 25 лістапада.

Чытайце таксама:

Украінцы нанеслі ўдар па падраздзяленню «Рубікон» у акупаваным Бярдзянску

Мелоні раскрытыкавала Зяленскага за ўдар у Лівіі без папярэджання Італіі

Здабыча нафты ў Расіі ўпала да мінімуму за 18 гадоў. І гэта не толькі праз вайну і санкцыі

Каментары да артыкула