Рашыўся толькі з трэцяй спробы. Рабаўнік банка ў Магілёве расказаў, як ішоў на справу
Грошы ён пусціў на стаўкі.
Магіляўчанін дае паказанні ў кабінеце Кубракова. Скрыншот відэа: МУС
У Магілёве 26 лістапада мужчына абрабаваў аддзяленне банка. Ён скраў суму роўную прыкладна 8 тысячам рублёў і ўцёк. Пра тое, што мужчыну злавілі, паведамілі праз тры дні.
Рабаўніку 40 гадоў. Ён расказаў, як ішоў на справу.
«20‑га чысла першы раз дайшоў да банка. Стаяў паўгадзіны, не наважыўся, развярнуўся, пайшоў назад. 25‑га таксама дайшоў, пастаяў, таксама не змог. 26‑га змог. Зайшоў, зачыніў уваходныя дзверы на секунду. Пісталетам пагражаў, кажу, што зараз вось стрэльну, прыстрэлю. Пад'ехаў да смеццевых бакаў, выкінуў вопратку. Я чакаў [затрымання], гэта было чакана», — расказаў затрыманы ў кабінеце міністра ўнутраных спраў
Са скрадзеных грошай мужчына адразу зрабіў стаўку — але нічога не выйграў.
Фота: МУС
Раней мужчына быў несудзімы, працаваў, мае гульнявую залежнасць, паведаміла МУС.