Улады Іспаніі праводзяць расследаванне супраць Telegram
Па словах Дурава, у віну ставяць магчымае парушэнне рэгламенту ЕС па абароне персанальных даных.
Павел Дураў. Фота: AP Photo / Tatan Syuflana, File
Заснавальнік месенджара Telegram Павел Дураў паведаміў, што ўлады Іспаніі праводзяць расследаванне супраць Telegram.
«У лютым мы папярэджвалі карыстальнікаў у Іспаніі пра атакі [прэм'ер-міністра] Санчэса на лічбавую свабоду.
Цяпер яго рэгулятар «расследуе» дзейнасць Telegram — сцвярджаючы, што наша папярэджанне магло парушыць GDPR (рэгламент ЕС па абароне персанальных даных. — НН).
Калі мэтай было маўчанне, рыхтуйцеся да расчаравання. GDPR абараняе прыватнасць. А не палітыкаў ад крытыкі», — заявіў Дураў.
У лютым ён крытыкаваў урад Педра Санчэса за тое, што той «прасоўвае небяспечныя новыя правілы». Напрыклад, у забароне сацсетак для дзяцей да 16 гадоў з абавязковай праверкай узросту Дураў пабачыў спробу адсочваць асобы карыстальнікаў. А ўзмоцненую адказнасць кіраўнікоў платформ за незаконны кантэнт лічыў шляхам да празмернай цэнзуры.
«Гэта не меры абароны; гэта крокі да татальнага кантролю. Мы ўжо бачылі гэты сцэнарый раней — калі ўрады выкарыстоўваюць «бяспеку» як зброю для цэнзуры крытыкаў», — пісаў Дураў.
Чытайце таксама:
Заснавальніка Telegram Паўла Дурава ў Расіі ўнеслі ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў
Дураў праз абвал кошту Telegram страціў дзве траціны свайго багацця
Павел Дураў прапанаваў аплачваць ЭКА незамужнім жанчынам, якія хочуць зацяжарыць ад яго