Ціханоўскі пра свой шлюб: У мяне былі выгадныя партыі — міністра дачка, пракурора, а Святлана была простая дзяўчына, у яе мама кухар, тата кіроўца
«Я лічу, што трэба жаніцца па каханні, хаця ў мяне было шмат знаёмых, у сувязі з маёй дзейнасцю».
Скрыншот: apogovorit / Youtube
У інтэрв'ю расійскай журналістцы Ірыне Шыхман блогер Сяргей Ціханоўскі шмат расказваў пра адносіны з жонкай. Ён згадваў у тым ліку, як яны сталі сустракацца і як разыходзіліся незадоўга да выбараў.
Ціханоўскі кажа, што ажаніўся са Святланай па каханні.
«Я лічу, што трэба жаніцца па каханні, хаця ў мяне было шмат, у сувязі з маёй дзейнасцю (я канцэртна-гастрольнай дзейнасцю займаўся, клубамі начнымі)… У мяне было вельмі шмат кантактаў, мільён знаёмых і былі выгадныя партыі. Я вось гэта ніколі не разумеў — там міністра дачка, пракурора, не ведаю каго там, мэра. А Святлана была простая дзяўчына, у яе мама повар, тата кіроўца. Але я яе, калі ўбачыў, з першага погляду закахаўся.
Я не збіраўся жаніцца да 30-ці, але ў 26 вось ажаніўся. У 25 мы недзе сустрэліся, год сустракаліся».
Ціханоўскі расказвае, што ў 2019‑м яны са Святланай часова разыходзіліся. Але адзначае, што сам гэтыя моманты ўжо забыў.
«Гэта яна [Святлана] мне ўжо цяпер нагадвала гэта пасля майго вызвалення, што ты забыўся, як мы расставаліся, што ледзь не на год, там на паўтара нават. (…) Калі яна мне нагадала, былі такія моманты, што я казаў, што мы не можам разам быць, усё, трэба расставацца. Я здымаў ёй кватэру, яна з'язджала туды з чамаданамі. Такое было некалькі разоў. І потым праз нейкі час я разумеў, што я не магу без яе».