Рада інтэлігенцыі з удзелам Бураўкіна, Законнікава, Вярцінскага, Бандарэнка вызначыла нам лідэраў
Анатоль Лябедзька адказвае Андрэю Дынько.
Рада інтэлігенцыі прапусціла праз працэдуру рэйтынгавага галасавання носьбітаў прэзідэнцкіх амбіцый. Спіс сціснулі да пяці персаналій. Скарачэнне спадабалася не ўсім. Па-іншаму быць і не магло. Палітычныя амбіцыі – опцыя асабліва адчувальная.
З аднаго боку, рашэнне Рады інтэлігенцыі не мае юрыдычнай сілы. З іншага – рабіць выгляд, што яго няма, не атрымліваецца. А таму яно і абмяркоўваецца, і дыскутуецца, і крытыкуецца. Андрэй Дынько стрэліў артыкулам «Рада інтэлігенцыі з удзелам генерала вызначыла нам лідэраў». Паважаючы права аўтара на ацэнкі, дазволю сабе не пагадзіцца ў галоўным - а менавіта ў жаданні прадставіць Раду як супольнасць нейкіх выпадковых людзей, якія да таго ж прымаюць рашэнні, што не сябруюць з мараллю.
Пачнем з таго, што на пляцоўцы, створанай Радай інтэлігенцыі для вызначэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад прыхільнікаў пераменаў, патапталіся ўсе без выключэння прэтэндэнты. Хто больш, хто менш. І ўсе ўшанавалі сваёй асабістай увагай хаця б адно паседжанне Рады. Ігнору, значыцца, не было. Праўда, ад актыўнага ўзаемадзеяння з Радай многіх стрымлівала непрадказальнасць рашэнняў яе сябраў.
Дынько па-майстэрску завярнуў рашэнне Рады ў генеральскі мундзір Валерыя Фралова, які мае схільнасць правакаваць грамадскае меркаванне, мякка кажучы, неардынарнымі дзеяннямі і ўчынкамі. Маўляў, глядзіце, а суддзі хто? Але тады было б сумленным назваць увесь склад судзейскай калегіі. Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Зінаіда Бандарэнка, Пётр Садоўскі, Уладзімір Халіп, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Голубеў, Уладзімір Колас і яшчэ дзясяткі два годных, паважаных асобаў.Да таго ж, дзеля аб'ектыўнасці, генерал Фралоў на самім паседжанні Рады, якая прапалола градку з прэтэндэнтамі, заўважаны не быў. Такім чынам, пытанне, а суддзі хто, здаецца, высветлілі. Цяпер да абраннікаў Рады.
Кожны мае права на асабістыя сімпатыі. Дынько падабаецца Мілінкевіч. І калі ласка.
Што да мяне, дык самы перспектыўны і канкурэнтаздольны - Раманчук.Але пра яго іншым разам.
Аўтар прыводзіць галоўны аргумент, чаму Аляксандр Мілінкевіч абавязаны быць у ліку абраных. Раду тыкнулі ўсім яе аўтарытэтам у сацыялогію.Маўляў, экс-адзіны кандыдат у прэзідэнты – самы рэйтынгавы апазіцыйны палітык. Але сацыялогія – гэта не проста лічбы і адсоткі. Яны пераконваюць не самі па сабе, а, як правіла, у параўнанні, у дынаміцы. Прапаную гэта і зрабіць паважаным чытачам. Тым больш што літаральна днямі ў Вільні адбылася прэзентацыя больш свежага апытання грамадскай думкі, праведзенага ў ліпені гэтага года.
Што ж, Андрэй, давайце паглядзім на гэтую самую буржуазную навуку скрозь прызму лічбаў з дамешкам аналізу. Такім чынам, у найбліжэйшую нядзелю за Мілінкевіча гатовыя прагаласаваць 4% выбаршчыкаў. Нягуста. І не вельмі перспектыўна, асабліва з улікам таго, што пяць гадоў таму ў Аляксандра Уладзіміравіча было за 20%. Гэта значыць, трэнд на скарачэнне электаральных сімпатый відавочны. Дзеля справядлівасці варта згадаць, што ў Някляева і Раманчука, што ідуць следам, – каля 1%. Але яны і стартавалі з нулявой адзнакі. Пойдзем далей. А як ідуць справы з такімі паказчыкамі, як адмоўны рэйтынг? 15% апытаных ні пры якіх абставінах не прагаласавалі б за Мілінкевіча. Для параўнання: супраць Някляева катэгарычна настроеныя 6%, а ў дачыненні да Раманчука і таго менш - 3%.
Давайце дадамо да гэтага паказчык перспектывы заваявання сімпатый выбаршчыкаў. Мілінкевіча не ведае 25% выбаршчыкаў. Някляева – 58%. Раманчук для 65% нашых грамадзян абсалютна новае аблічча.Вось цяпер можна аналізаваць сітуацыю і рабіць высновы, а не проста адпраўляць чытача далей у сацыялогію.
І дазволю яшчэ адну рэмарку. Праблема не ў тым, што Мілінкевіч не апынуўся па выніках галасавання ў пяцёрцы. Ён не атрымаў ніводнага голасу. Ніводнага! Значыць, праблема ў нечым іншым. У даверы? У веры?