БЕЛ Ł РУС

Новыя эўрапейцы баяцца газавай іглы Масквы

26.10.2006 / 09:01

«Масква выкарыстоўвае энэргетыку як прыладу для ўтрыманьня вялікадзяржаўнай пазыцыі. Гэткім чынам яна спрабуе граць галоўную ролю ў Цэнтральна-ўсходняй Эўропе», – запэўнівае прэм’ер Чэхіі Мірэк Тапалянэк.

У найбліжэйшыя 25 гадоў Эўропа асуджаная на расейскую энэргію, пераконвалі маскоўскія экспэрты падчас Эўрапейскага энэргетычнага форуму, што распачаўся ў Празе.

«Цягам 25 гадоў спажываньне газу ў Эўропе вырасьце на 80 адсоткаў. Беручы пад увагу нестабільную сытуацыю на Блізкім Усходзе, толькі Расея зможа задаволіць гэтую ўзрослую патрэбу, – кажа Алена Цялегіна, былая расейкая віцэ-міністарка энэргетыкі, цяпер дырэктарка маскоўскага Інстытуту энэргетыкі і палітыкі. – У самым хуткім часе менавіта пастаўшчыкі будуць дыктаваць умовы на рынку сыравіны. Ня трэба ашуквацца, што будзе інакш». Такі падыход, аднак, не падабаецца новым краінам Эўразьвязу, якія больш за ўсіх залежаць ад паставак сыравіны з Расеі.

«Масква выкарыстоўвае энэргетыку як прыладу для ўтрыманьня вялікадзяржаўнай пазыцыі. Гэткім чынам яна спрабуе граць галоўную ролю ў Цэнтральна-ўсходняй Эўропе», – запэўнівае прэм’ер Чэхіі Мірэк Тапалянэк. Ён нагадаў, што яго краіна – адзіная ў рэгіёне, якая яшчэ на пачатку 90-х гг. дывэрсыфікавала пастаўкі нафты і газу з Расеі. «Мы рабіцьмем так і надалей, а таксама будзем дасьледаваць, чым у будучыні можна замяніць нафту і газ», – заявіў Тапалянэк.

Некаторыя краіны рэгіёну, што ў апошнія гады пусьцілі расейскія інвэстыцыі ў энэргетыку, цяпер шкадуюць пра гэта. «Наш новы прэм’ер нядаўна пацьвердзіў, што 40 адсоткаў славацкай энэргетычнай інфраструктуры знаходзіцца ў чужых руках. Гэта фатальным чынам сьведчыць пра энэргетычную бясьпеку дзяржавы», – наракае былая намесьніца кіраўніка МЗС Славакіі Магдалена Вашарова, цяпер дэпутатка парлямэнту ў Братыславе.

Расейцы, аднак, на ўсё гэта глядзяць зусім інакш. «Мы расчараваныя, што расейскія энэргетычныя інвэстыцыі блякуюцца ў такіх краінах, як Літва альбо Польшча. Гэта можа прывесьці да сур’ёзных канфліктаў», – перасьцерагае Валеры Андрыянаў, галоўны рэдактар часопісу «Нефть России». На ягоную думку, Масква павінна атрымаць гарантыі, што яе сыравіну ў Эўропе будуць купляць па адпаведна высокіх коштах, дзякуючы якім можна будзе адкрыць новыя радовішчы ў складаных раёнах, перадусім ва ўсходняй Сібіры. «Такой гарантыяй могуць быць удзелы ў фірмах, што прадаюць сыравіну кліентам на Захадзе, а таксама інвэстыцыі ў энэргетычны сэктар, напрыклад, эўрапейскія перагонныя заводы», – кажа Андрыянаў. Аднак ён катэгарычна супраць таго, каб па прынцыпу раўнавагі заходнія фірмы былі дапушчаныя да эксплюатацыі сыравіны ў Расеі. «Здабываць нафту і газ на тэрыторыі Расеі павінны выключна расейскія фірмы і расейскі пэрсанал. Самае большае, што можа Захад, – рабіць грашовыя інвэстыцыі ў некаторыя праекты. Такая ў цэлым пазыцыя нашага ўраду», – кажа Андрыянаў.

Эўрапейскі энэргетычны форум праходзіць упершыню з ініцыятывы Ўсходняга інстытуту, які штогод арганізуе Эканамічны форум у Крыніцы і фінансуецца амэрыканскім кангрэсам. Форум мае стацца плятформай дыскусіі пра энэргетычную бясьпеку для палітыкаў і экспэртаў з Эўропы, Расеі, Каўказа і Сярэдняй Азіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула