БЕЛ Ł РУС

Юрась Пацюпа. Элегія V

23.11.2006 / 14:58

Nashaniva.com

...бы музыка здалёку, з таго сьвету, на кухні газ, як курыца худая, сінее стальлю, п’янай ад крыві...

...бы музыка здалёку, з таго сьвету,

на кухні газ, як курыца худая,

сінее стальлю, п’янай ад крыві,

пралітае з бадзянкі, што камар

паўчаркі выпіў. Ініцыятыву

вось праяўляе плебс, з гадзіну недзе

бардзюры крышачы і парапэты

у вольны ад работы плённай час.

Мы зьменім дух, бо гэты верш яшчэ

ня скончаны, але пра што такое

не напісалі мы? У шыбе месяц

сынкрэтычны – макавым насеньнем

у ім Бэтговэн Людвіг Ван. Я вам

такое гэтым вечарам сказаць

хацеў. Даруйце за маўчаньне. Толькі

душа не пракаўтне густое пасты

неба і жывот яе бурчыць,

як батарэя ацяпленьня. Ціск,

тэмпэратура, быццам іншасьвет

у сьвет прыходзіць празь мяне. Было

відаць на месяцы абрысы Джорджа

Бэрклі, і дажджом сьцякла саната.

1990 г.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула