БЕЛ Ł РУС

Бядулеўскі калгас «Советская Беларусь» збанкрутаваў, ліквідаваны

17.02.2011 / 11:45

Калі б гаворка ішла пра любую іншую гаспадарку, гэтая рэарганізацыя напэўна засталася б незаўважанай.
За апошнія гады некалькі дзясяткаў былых калгасаў і саўгасаў, што так і не здолелі выйсці на рэнтабельны ўзровень працы, былі далучаныя да больш паспяховых прадпрыемстваў і перасталі існаваць як самастойныя адзінкі. Але гэтым разам у разрад «безнадзейна стратных» трапіла гаспадарка, якая грымела на ўвесь Савецкі Саюз.
Хто не ведаў тады пра Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга калгас «Савецкая Беларусь» і яго легендарнага старшыню, двойчы Героя сацыялістычнай працы Уладзіміра Бядулю? Цяпер гэтай гаспадаркі няма.
Рашэннем Камянецкага райвыканкама ад 9 лютага 2011 года СВК «Савецкая Беларусь» далучаны да ААТ «Белавежскі». Асноўная прычына — вялізныя пазыкі прадпрыемства, якія, як выказаўся кіраўнік раённай вертыкалі Андрэй Пісарык, «ужо не пакінулі месца для ілюзіяў».

Праблемы ў знакамітай гаспадарцы пачаліся яшчэ за Уладзімірам Бядулем. У сакавіку 2007 года было прынятае рашэнне адправіць ардэнаноснага старшыню ў адстаўку — праз месяц пасля таго, як Уладзіміра Лявонцьевіча з усімі магчымымі ўшанаваннямі павіншавалі з 50-годдзем старшынства. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец, якая прыехала ў «Савецкую Беларусь», абвінаваціла Бядулю ў тым, што яго гаспадарка стаіць на месцы, замест таго каб ісці наперад. Сярод выказаных прэтэнзій былі нізкі ўзровень тэхнічнай аснашчанасці СВК і маленькая заработная плата вяскоўцаў.

«Уладзімір Лявонцевіч адпрацаваў сваё. Ён аддаў вам усё: розум, вопыт, сілы і волю. «Савецкай Беларусі» патрэбная новая кроў…» — пераконвала тады на сходзе работнікаў гаспадаркі намеснік міністра.

На жаль, надзеі на «новую кроў» не апраўдаліся. Сыход Бядулі не вырашыў праблемаў гаспадаркі, а, мабыць, пагоршыў становішча.
Яго пераемнік на гэтай пасадзе Анатоль Ляўданскі ўзяўся наводзіць у «Савецкай Беларусі» парадак з усёй энергіяй і энтузіязмам, але сілаў, мабыць, не разлічыў. У выніку і сам згарэў, і пазычанасць гаспадаркі толькі вырасла. У тым ліку за узятую ў лізінг новую тэхніку.

Ну, а далей усё пакацілася як снежны ком. Сёння ў «Савецкай Беларусі» адзін з самых нізкіх у раёне заробкаў. У сярэднім за 2010 год ён склаў 651,4 тысячы рублёў (для параўнання: сярэдняя зарплата па Камянецкім раёне за гэты час — 894 тыс.). Але і гэтых грошай гаспадарка не зарабіла. У апошнія гады яе актыўна падтрымлівала СААТ «Белавежскія сыры», якое не толькі разлічваліся за пастаўленае яму на перапрацоўку малако, але і авансавала гаспадарку. У выніку да 1 лютага 2011 пазычанасць «Савецкай Беларусі» гэтаму прадпрыемству склала 2 млрд 360 млн рублёў. Агульная ж пазычанасць гаспадаркі ўсім крэдыторам перасягнула 15 млрд рублёў.

«Нам няпроста было прыняць гэтае рашэнне (аб далучэнні «Савецкай Беларусі» да «Белавежскага»), — прызнаецца старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык. — Але сітуацыя такая, што іншага выхаду проста няма».

І ў СВК «Савецкая Беларусь», і ў ААТ «Белавежскі» ўжо прайшлі сходы працоўных калектываў, дзе былі прынятыя рашэнні аб зліцці дзвюх гаспадарак у адну. Не абышлося без эмацыйных спрэчак.

У неабходнасці такога кроку было цяжэй за ўсё пераканаць пажылых людзей, якія не адзін год прапрацавалі ў калгасе «Савецкая Беларусь» і памятаюць часы, калі ён быў на піку славы.
Менавіта яны галасавалі супраць рэарганізацыі. Але большасць, стомленая ад бязладзіцы ў гаспадарцы, выказалася за.

Вяскоўцы не страчваюць надзеі, што ААТ «Белавежскі», прадпрыемства моцнае і стабільнае, якое ўзначальвае аўтарытэтны ў галіне кіраўнік Юрый Мароз, пацягне і гэтую ношу. З улікам далучаных земляў «Савецкай Беларусі» плошча яго ўгоддзяў вырасла да 19 640 га.

Ну, а «Савецкая Беларусь» з яе ордэнамі, працоўнымі здзяйсненнямі і легендарным старшынёй засталася толькі ў гісторыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула