БЕЛ Ł РУС

Не Лукашэнкам адзіным

1.03.2011 / 17:11

Сямён Печанко

Да апошняга часу лівійскага дыктатара Кадафі з цеплынёй прымалі ў магутнейшых еўрапейскіх краінах, а таксама ў Расіі.

Да апошняга часу лівійскага дыктатара Кадафі з цеплынёй прымалі ў магутнейшых еўрапейскіх краінах, а таксама ў Расіі

Еўрапейскія турнэ Кадафі. Кастрычнік 2004 г. Сустрэча з канцлерам Шродэрам адкрыла шлях нямецкім кампаніям на лівійскі рынак. Фота taz.de

Май 2007-га. З прэм’ерам Вялікабрытаніі Тоні Блэрам. Інтарэсы брытанскіх нафтавых кампаній Shell і BP у Лівіі вымяраюцца мільярдамі даляраў. Фота taz.de

Снежань 2007-га. Нікаля Сарказі падпісаў з Кадафі шэраг кантрактаў на суму ў 10 млрд еўра. Фота taz.de

Снежань 2007-га. Сустрэча з кіраўніком іспанскага ўрада Хасэ Луісам Сапатэрам. Вынік: нафтавыя ўгоды і будаўнічыя кантракты на мільярды даляраў. Фота taz.de

Лістапад 2008-га. З Дзмітрыем Мядзведзевым дамовіліся пра супрацу ў энергетычнай і вайскова-тэхнічнай сферы. Фота taz.de

Візіт у Беларусь, лістапад 2008-га. Афіцыйная мэта – абмеркаванне пытанняў гандлёва-эканамічнага ды інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

На плошчы Перамогі з віцэ-прэм'ерам Сямашкам. Фота Юліі Дарашкевіч.

Сакавік 2009 г. Прэм’ер Італіі Сільвіо Берлусконі радуецца льготам для італьянскай нафтавай кампаніі ENI. Фота taz.de

У сувязі з драматычнымі падзеямі ў Лівіі ўсё часцей гучаць абвінавачванні ўладаў Беларусі ў сумнеўных гешэфтах з лівійскім рэжымам. Найперш гэта датычыць падазрэнняў нашай краіны ў фактах продажу лівійскім уладам зброі. Першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Муамарам Кадафі адбылася ў 2000 г. у Лівіі. З той сустрэчы захавалася відэа, на якім бачна, як Лукашэнка дорыць свайму калегу Каран ручной работы, зроблены беларускімі майстрамі. Пры гэтым кіраўнік Беларусі гаворыць, што «Алах бярог вас ад самай страшнай і смертаноснай зброі. Цяпер ён (Каран — заўв. nn.by) будзе аберагаць вас».

У Беларусь з афіцыйным візітам Кадафі наведаўся 3 лістапада 2008 г. Афіцыйнай мэтай сустрэчы з Лукашэнкам было абмеркаванне пытанняў гандлёва-эканамічнага ды інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Здагадкі пра тое, што з тых сустрэч не патрапіла ў кадры афіцыйнай хронікі, а менавіта — гандаль зброяй, з'яўляліся і раней. Новыя версіі з'явіліся ў сувязі з апошнімі лівійскімі падзеямі: заходняя прэса піша пра загадкавыя авіярэйсы паміж Беларуссю і Лівіяй ды разважае пра магчымасці ўцёкаў сям’і Кадафі ў Беларусь.

Адначасова з паведамленнямі пра беларускі след у Лівіі з’яўляецца інфармацыя пра рэакцыю Захаду на падзеі ў Лівіі — візавыя санкцыі ў дачыненні да сям’і Кадафі і найбліжэйшага атачэння, замарожванне рахункаў. Тым часам, нямецкая лявацкая газета Die Tageszeitung нагадвае, што не так даўно лівійскага дыктатара з прыязнасцю прымалі не толькі ў Беларусі, але і ў магутнейшых еўрапейскіх краінах, а таксама ў Расіі. Цеплыня тых прыёмаў, калі ўгледзецца ў подпісы да адмысловай фотападборкі «Наш сябар Муамар»/Unser Fruend Muammar, тлумачыцца банальнай прагматычнасцю — сустрэчы з лівійскім дыктатарам заканчваліся для еўрапейцаў мільярднымі ўгодамі ў сферы нафтаздабычы і гандлю.

Вось як выглядае храналогія звышпрыбытковых сустрэч Муамара Кадафі з еўрапейскімі лідарамі паводле Die Tageszeitung:

15 кастрычніка 2004 г. Сустрэча Муамара Кадафі з Герхардам Шродэрам адкрыла шлях нямецкім кампаніям, Siemens у тым ліку, на лівійскі рынак.

29 мая 2007 г. Сустрэчу з Муамарам Кадафі тагачасны прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр назваў «пазітыўнай і канструктыўнай». Чаму і Інтарэсы брытанскіх нафтавых кампаній Shell і BP у Лівіі вымяраюцца мільярдамі даляраў.

10 снежня 2007 г. Муамар Кадафі і Нікаля Сарказі. Незадоўга да візіту лівійскага кіраўніка ў Францыю, Сарказі заявіў пра намер падпісаць з Кадафі шэраг кантрактаў на суму ў 10 млрд еўра. Гаворка ішла пра магчымую пабудову АЭС у Лівіі. Раней сын Кадафі казаў пра намеры набыць у Францыі самалёты Аэробус на суму ў 3 млрд еўра, а таксама 14 знішчальнікаў Rafale.

17 снежня 2007 г. У Мадрыдзе прайшла сустрэча Муамара Кадафі з кіраўніком іспанскага ўрада Хасэ Луісам Сапатэрам. Вынік: нафтавыя ўгоды і будаўнічыя кантракты на мільярды даляраў.

1 лістапада 2008 г. Муамар Кадафі сустрэўся ў Маскве з Дзмітрыем Мядзведзевым.

Абмяркоўваліся пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў энергетычнай і вайскова-тэхнічнай сферы.

2 сакавіка 2009 г. Сустрэча прэм’ер-міністра Італіі Сільвіо Берлусконі і кіраўніка Лівіі скончылася атрыманнем льготаў для італьянскай нафтавай кампаніі ENI.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула