Партыя БНФ накіравала пазоў у Мінскі гаспадарчы суд па справе офіса
Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар управы Партыі БНФ праваабаронца Ўладзімір Лабковіч.
Ён нагадаў, што 17 лютага партыя атрымала чарговы ліст ад ЖРЭА Савецкага раёна Мінска з папярэджаннем пра тое, што 31 сакавіка 2011 года завяршаецца тэрмін арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 8, і новая дамова складзена не будзе. Прычынай такога рашэння ў лісце названа неналежнае выкананне ўмоў арэнды, няўчасная выплата арэнднай платы.
Лабковіч адзначыў, што ўвечары 28 сакавіка ён аплаціў дзяржаўную мыту і адправіў заяву ў Мінскі гаспадарчы суд з патрабаваннем адмяніць гэта рашэнне. Па яго словах, дамова арэнды памяшкання выконваецца, і запазычанасцяў па аплаце няма.
Аналагічная пазоўная заява 29 сакавіка будзе пададзена ад Мінскай абласной і Мінскай гарадской арганізацый Партыі БНФ.