Міністр Ажубаліс: Будаўніцтва АЭС азмрочыць адносіны на доўгія гады
Калі Беларусь пачне будаваць атамную электрастанцыю каля межаў Літвы, то гэта на дзясяткі гадоў азмрочыць двухбаковыя адносіны.
Пра гэта заявіў 13 мая на адкрытых слуханнях у літоўскім сейме міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, паведамляе
«У мяне, як у грамадзяніна Літвы і міністра замежных спраў, выклікае занепакоенасць і зусім незразумелая гатоўнасць Беларусі пабудаваць за 50 кіламетраў ад літоўскай сталіцы электрастанцыю, адносна якой ёсць шмат пытанняў без адказу», — сказаў міністр. На яго думку, «гэтае рашэнне Беларусі, калі яно будзе рэалізоўвацца, без усякіх сумненняў, магу адказна заявіць, на дзесяцігоддзі азромчыць адносіны Літвы і Беларусі і акажа ўплыў на парадак дня палітычнага супрацоўніцтва».
Міністр сцвярджае, што ў яго ёсць надзея, што «цяперашняе кіраўніцтва Беларусі пачуе і нашу цікавасць жыць у бяспечным акружэнні». Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускай апазіцыі і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, Ажубаліс зазначыў, што па гэтым пытанні павінна выказацца і беларускае грамадства.
Літва плануе за 10 гадоў пабудаваць атамную электрастанцыю ў Вісагінасе. Паводле плана, у праекце будзе браць удзел буйная замежная кампанія, а таксама ўрады трох краін Балтыі і Польшчы.