БЕЛ Ł РУС

Пазняк: І за саветамі Конан паводзіў сябе як вольны беларус

7.06.2011 / 10:42

Уладзімер Конан не жыве. Яшчэ адзін сьветлы чалавек Беларусі адышоў у іншы сьвет назаўсёды. Зрэшты, адышла толькі яго прысутнасьць. Ён застанецца ў нашай культуры, філязофіі і культуралёгіі як адкрывальнік і тлумачальнік прыгожай праўды разьвіцьця беларускага эстэтычнага духу. Конан ня толькі дасканала раскрываў сутнасьць беларускай эстэтыкі і культуры, ён пісаў «класна», паказваў прыгожы ўзровень думкі.

Я ведаў яго з 60-х гадоў, з часу выданьня першых ягоных прац па беларускай эстэтыцы. Гэта быў ясны сумленны беларускі розум. У яго не было абсалютна ніякага налёту саветызму. І за саветамі ён думаў і паводзіў сябе як вольны беларус, прадстаўнік эліты нашай інтэлігенцыі.

Гэта быў вельмі сьціплы і сымпатычны чалавек зь ціхім голасам і задуменным позіркам, павернутым унутр самога сябе, як бывае ў людзей рамантычнай душы. Як чалавек, як асоба ён заўсёды чымсьці нагадваў мне мае ўяўленьні пра Максіма Багдановіча. І думаю, што маё адчуваньне мяне не падманвала.

Бывай, дарагі Валодзя! Можа там вы спаткаецеся разам… Там, ля сіняй бухты, у краіне сьветлай…

Зянон Пазьняк 6 чэрвеня 2011 г.

Адпяванне Уладзіміра Конана адбудзецца 8 чэрвеня ў мінскай Петрапаўлаўскай царкве, а 11:30.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула