БЕЛ Ł РУС

Беларускі атракцыён

10.06.2011 / 11:17

Калі гучыць загад «Цэны назад!», гэта, вядома, выглядае эфектна. Але такія «эфекты» - альбо глупства, альбо старанна падрыхтаваныя. Піша Святлана Калінкіна.

Здараюцца яшчэ адкрыцці! Мы-та былі ўпэўненыя, што без прэзідэнта ў нашай краіне ні адзін чыноўнік піскнуць не можа, а атрымалася, што ўрад на 30% павысіў цэны на паліва, нават не паведаміўшы кіраўніку дзяржавы.
Кожную сям’ю гэтае непапулярнае рашэнне закранала, але ўрад, як нас пераконваюць, нават не палічыў патрэбным з прэзідэнтам параіцца. Гэта ж анархія нейкая!

Калі гучыць загад «Цэны назад!», гэта, вядома, выглядае эфектна. Але такія «эфекты» — альбо глупства, альбо старанна падрыхтаваныя. І ў дадзеным выпадку сітуацыя падобная дна вельмі сур’ёзнай «хатняй нарыхтоўкі».

Сакрэт беларускіх цэнаў на бензін даўно вядомы.

Цэннікі на беларускіх бензакалонках па законах эканомікі павінны быць не такімі, як у Еўропе, на што нас упарта арыентуюць, а такімі, як у Расіі.
Таму што расійская нафта для ўнутрыбеларускага спажывання пастаўляецца без экспартных мытаў, то бок для нас яна значна таннейшая, чым для палякаў, літоўцаў, немцаў, украінцаў і ўсяго астатняга свету. Адпаведна, цана нашага бензіну павінна раўняцца цане ніяк не еўрапейскага, а расійскага. Але бюджэт чымсьці трэба «карміць», утрымліваць армію міліцыі, спецслужбаў, чыноўнікаў за нейкія грошы трэба. Таму на рэальную цану бензіну ідуць накруткі — акцызы, падаткі і ўсякая ўсячына. У выніку пра тое, каб насамрэч паклапаціцца пра народ і зраўняць у цане беларускі бензін з расійскім, ніхто нават не заікаецца. Нам, наадварот, настойліва ўкладаюць у галовы, што беларусы павінныя быць шчаслівыя, бо цэны на паліва ў нас ніжэйшыя, чым у Польшчы ці Літве. Хоць яны і не павінныя быць еўрапейскімі, няма для гэтага падставаў. У нас што, зарплаты такія, як у Польшчы? Або хоць бы ў Літве?

Цяпер і зусім сітуацыя няпростая. Рубель паваліўся, а для пакупкі сырой нафты нафтаперапрацоўчым заводам патрэбная валюта. Каб не разбурыць заводы, урад мог распачаць дзве меры: знізіць паборы з прадукцыі нафтаперапрацоўкі, якія ідуць у дзяржаўную казну, або павысіць цэны на бензін і дызпаліва. Пайшлі звычайным шляхам — падвысілі цэны. І ніякіх «інтрыг» у гэтым рашэнні не было. Каб хоць неяк кампенсаваць падзенне даходаў людзей праз дэвальвацыю нацыянальнай валюты, каб хоць фармальна, для выгляду, падвысіць зарплаты бюджэтнікам, пенсіі, стыпендыі, сацыяльныя выплаты маламаёмным, урад павінен быў знайсці дадатковыя грошы — і знайшоў.

Але ў Аляксандра Лукашэнкі ў сэнсе пошуку грошай яшчэ большае поле для манеўру.

Напрыклад, ён мог прыняць рашэнне аб скарачэнні колькасці чыноўнікаў, міліцыі, тых жа супрацоўнікаў спецслужбаў. Або аб продажы якім-небудзь замежным алігархам рэзідэнцый, схаваных па розных беларускіх запаведніках. Або аб скарачэнні заробкаў дзяржапарату… А яшчэ лепш — пайсці на ўсе гэтыя меры ў комплексе адначасова з правядзеннем праграмы маштабных эканамічных рэформаў. Але, мабыць, знайшлі грошы, выбраўшы іншы шлях.

800 мільёнаў даляраў крэдыту найбліжэйшымі днямі мы атрымаем ад антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, таямнічы ананім дае Беларусі яшчэ 1 мільярд (віцэ-прэм’еру Уладзіміру Сямашку даручана да канца месяца забяспечыць паступленне гэтых грошай), акрамя таго, паведамляецца, што на стадыі завяршэння перамовы аб продажы 50% акцый «Белтрансгаза» і «Беларуськалія» — угодаў, рашэнні па якіх прымае асабіста прэзідэнт. Калі насамрэч пацвердзіцца інфармацыя аб тым, што беларускія ўлады за 15 мільярдаў даляраў прадаюць кантрольны пакет «Беларуськалія» расійскаму алігарху Сулейману Керымаву (расійскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы паведамляюць пра гэтае пагадненне як пра пытанне практычна вырашанае), то ўсё робіцца зразумела, усё становіцца на свае месцы. У народзе гэта называецца «вынес з хаты ўсё найлепшае — і гуляю».

Таму што 15 мільярдаў даляраў — гэта сапраўды дастатковая сума, каб яшчэ паўтара-два гады нікому не расказваць пра мыліцы, дзякуючы якім трымаецца наша эканоміка, і, наадварот, ганарліва вяшчаць: «Мы выстаялі!»

«Беларуськалій» — гэта тое прадпрыемства, якое прадаваць нельга. Таму што гэта нетры. Гэта тое, што з’яўляецца самым галоўным «залатым запасам» краіны, тым запасам, які павінен быць недатыкальным.
Бо золата абясцэньваецца, курсы валют вагаюцца, тэхналогіі старэюць, а нетры заўсёды забяспечаць хоць нейкую капейку і нам, і нашым дзецям. Тым больш што ў свеце расце попыт на прадукты харчавання, а значыць, у найбліжэйшай перспектыве будзе расці і попыт на ўгнаенні. Продаж «Беларуськалія» — гэта не паратунак, гэта не рэформы, гэта, я лічу, найгоршы з варыянтаў, які толькі можна прыдумаць для вываду эканомікі Беларусі з крызісу. Стабільнасць такой цаной — гэта як лячэнне хворага наркотыкамі: адчування болю няма, але смерць толькі бліжэйшая.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула