БЕЛ Ł РУС

Мінпрыроды прагназуе добры ўраджай чарніц на Палессі і сярэдні на Міншчыне, а вось з грыбамі ...

17.06.2011 / 09:57

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падрыхтавала прагноз ураджаю ягад і грыбоў у гэтым сезоне.

Як паведамляе афіцыйны сайт ведамства, прагноз ураджаю ягад падрыхтаваны па выніках даследаванняў, праведзеных спецыялістамі ў сакавіку—чэрвені. Згодна з ім, добры ўраджай чарніц чакаецца ў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях. У Мінскай і Магілёўскай абласцях ураджай чарніц будзе сярэднім. Сярэднім таксама прагназуецца ўраджай дурніц ва ўсіх абласцях краіны, журавін — у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях. У Мінскай і Магілёўскай абласцях ураджай журавін чакаецца ніжэй за сярэдні. Сярэдні ўраджай брусніц чакаецца ў цэнтральнай і паўночнай частках краіны, нізкі — у паўднёвай і заходняй.

Як адзначаюць у Мінпрыроды, калі гарачае надвор'е пратрымаецца доўгі час, "можа адбыцца адпадзенне генератыўных органаў брусніц і журавін".

Таксама спецыялісты на падставе ўраджаяў мінулых гадоў і метэаралагічных умоў мінулага і гэтага гадоў зрабілі прагноз на ўраджай грыбоў. Нізкі ўраджай грыбоў чакаецца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, у астатніх абласцях ён прагназуецца сярэднім. У выпадку дажджлівага надвор'я ў жніўні ўраджай усіх відаў грыбоў можа быць вышэйшы за прагнозны.

У 2010 годзе ў цэлым на тэрыторыі Беларусі было нарыхтавана амаль 10,5 тыс. тон ягад, з іх больш за 8 тыс. тон чарніц, 1,8 тыс. тон журавін, 99 тон брусніц і 58 тон буякоў. Таксама было нарыхтавана больш за 6,85 тыс. тон грыбоў, у тым ліку амаль 5,73 тыс. тон лісічак, 481,8 тон белых, 563,5 тон грыбоў іншых відаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула