Генпракурор у ЗША патрабуе сустрэчы з прадстаўнікамі Facebook праз новую функцыю распазнання твараў
Генпракурор штата Канектыкут Джордж Джэпсэн накіраваў ліст кіраўніцтву Facebook, у якім запатрабаваў сустрэчы з прадстаўнікамі сацсеткі для абмеркавання пытання аб новай функцыі распазнання твараў,паведамляе Reuters.
У лісце гаворыцца, што сацыяльная сетка, «мабыць, пачала забываць аб недатыкальнасці прыватнага жыцця».
«Выкарыстанне функцыі выклікае асцярогі», — адзначае генпракурор.
Раней з крытыкай у адрас кіраўніцтва сацсеткі выступіў Еўрасаюз.
Таксама на мінулым тыдні некалькі прыватных арганізацый звярнуліся ў Федэральную гандлёвую камісію ЗША з просьбай правесці расследаванне.
Праграмнае забеспячэнне распазнае твары людзей на фотаздымках, загружаных у сацыяльную сетку, і дазваляе рабіць на іх пазнакі.
Цяпер карыстальнікі могуць толькі адзін раз адзначыць сябра на фатаграфіі, пасля чаго яго з’яўленне на іншых фота будзе аўтаматычна распазнавацца і адзначацца.Праграма выкарыстоўвае гэтыя пазнакі не пытаючыся аўтара старонкі, і пазначаныя фатаграфіі робяцца даступнымі для ўсіх, нават калі яны былі размешчаныя ў закрытым фармаце.