БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка клянецца і далей будаваць Кітай у Еўропе

20.09.2011 / 09:27

Пра гэта ён заявіў 19 верасня на сустрэчы ў Мінску са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга.

«Многае, што вы робіце, і ў тым ліку вельмі многае з вашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, мы запазычылі ў Беларусі. Мы і далей будзем развіваць мадэль сацыяльнай дзяржавы, тую мадэль, якую мы некалі запазычылі ў вас. І я ўпэўнены, што гэта будзе і далей прыносіць свае станоўчыя вынікі», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка выказаў удзячнасць Кітаю за садзейнічанне ў выпрацоўцы рашэнняў па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі ў краіне. У сувязі з гэтым ён адзначыў вялікую працу, зробленую экспертамі Народнага банка Кітая. Паводле слоў Лукашэнкі, многія з рэкамендацый, якія яны далі, прыняты беларускім бокам на ўзбраенне.

Беларускі кіраўнік звярнуў увагу на тое, што гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва актыўна развіваецца. Ён падкрэсліў, што мільярдныя кітайскія льготныя крэдыты і прамыя інвестыцыі актыўна працуюць на мадэрнізацыю беларускай эканомікі, укараненне перадавых тэхналогій, інавацый.

Лукашэнка таксама лічыць, што запуск першага беларускага спадарожніка сувязі і стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка закладуць трывалую аснову для доўгатэрміновага партнёрства ў сферы высокіх тэхналогій, стануць накшталт візітоўкі Кітая ў Еўропе.

«Беларусь з’яўляецца вельмі перспектыўным і надзейным сябрам Кітая ў цэнтры Еўропы, — сказаў Лукашэнка. — Мы заўсёды адкрыта заяўляем і падкрэсліваем, што мы ганарымся такімі блізкімі і цеснымі адносінамі з нашымі кітайскімі сябрамі. Мы радуемся ўсім вашым поспехам, пачынаючы ад спорту і заканчваючы гіганцкімі крокамі ў эканоміцы».

«Супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем мае стратэгічны характар, — падкрэсліў ён. — Гэта нашы сябры, наша апора ў свеце, якая ніколі нам не здраджвала ў самых цяжкіх сітуацыях. І мы адпаведна будзем праводзіць палітыку, скіраваную на ўмацаванне дружбы, узаемадапамогі і падтрымкі з кітайскай дзяржавай. Мы ні на крок не адступім ад гэтай палітыкі. Як мы разлічваем на вас, гэтак і вы можаце разлічваць на нас па ўсіх кірунках у поўным аб’ёме так, як вам гэта патрэбна».

«Нашы стасункі могуць мець той узровень, які вы пажадаеце, — запэўніў Лукашэнка.

— Вы можаце разлічваць на Беларусь як апорную краіну ў Еўропе».

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў «заахвочваць і ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для працы кітайскіх кампаній у Беларусі».

«Я вельмі ўдзячны за каласальную падтрымку ў гэты няпросты час для нашай краіны. Мы людзі абавязковыя, мы ніколі не застанемся ў даўгу перад вашай дзяржавай, і вы можаце быць упэўнены, што маеце тут самых надзейных сяброў», — заключыў Лукашэнка.

У сваю чаргу У Банга заявіў, што «кітайскі бок глыбока задаволены цяперашнім станам кітайска-беларускіх адносінаў», і адзначыў неабходнасць падтрымаць станоўчую дынаміку кантактаў і абмен візітамі на вышэйшым узроўні, захаваць высокі ўзровень палітычнага ўзаемадавер’я.

«Пацвярджаем, што мы цвёрда падтрымліваем абраны вашай краінай шлях развіцця, а таксама ўнутраную і знешнюю палітыку, якую праводзіць Беларусь», — падкрэсліў ён.

У Банга прапанаваў узмацніць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне і каардынацыю ў вырашэнні міжнародных і рэгіянальных пытанняў. Ён канстатаваў, што Беларусь і Кітай маюць падобныя або аднолькавыя погляды па такіх пытаннях, як рэфармаванне Савета бяспекі ААН і міжнародных фінансавых інстытутаў, барацьба з кліматычнымі зменамі.

«Мы і ў будучыні будзем нарошчваць наша супрацоўніцтва ў сферы правоў чалавека ў міжнародных арганізацыях», — зазначыў У Банга.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула