Рэквізавалі канфіскаванае: Склад астравецкага райспажыўтаварыства абрабавалі на 5 млрд рублёў
На складзе захоўвалася канфіскаванае адзенне.
Трыкатажнае адзенне на суму амаль пяць з паловай мільярдаў рублёў вынеслі ноччу 18 верасня са склада райспажыўтаварыства, што на чыгуначный станцыі «Гудагай» невядомыя зламыснікі.
Пракурор Астравецкага раёна Аляксандр Марцінчык расказаў: адзенне было канфіскаванае па рашэнні суда за незаконны перавоз праз мяжу Беларусі і Літвы і захоўвалася на складзе райспажыўтаварыства.
У нядзелю ноччу склад абрабавалі невядомыя злачынцы. Аляксандр Марцінчык паведаміў: вартаўнік склада расказаў, што на пачатку другой гадзіны ночы ў старожку зайшлі двое мужчын.
Адзін з іх ударыў вартаўніка нагой у грудзі і загадаў маўчаць. Вартаўніка звязалі.
Пацярпелы расказвае: ён чуў, што на тэрыторыю склада заехалі не менш за дзве машыны. Каля сямі гадзін раніцы, калі на вахту прыйшлі зменшчыкі, склад быў пусты.
Намеснік начальніка ашмянскай мытні Сяргей Собалеў пацвердзіў факт крадзяжу затрыманага мытняй і канфіскаванага судом трыкатажнага адзення. Але каму яно належыць, Сяргей Собалеў не сказаў. У інтарэсах следства ад каментароў па злачынстве адмовіўся таксама намеснік начальніка райаддзела міліцыі Марэк Сінкевіч.
Міліцыя шукае скрадзены трыкатаж. Заведзеная крымінальная справа.