БЕЛ Ł РУС

Беларускі рэжым у ААН падтрымалі Куба і Расія

26.09.2011 / 09:48

Рада ААН па правах чалавека разгледзела даклад па сітуацыі ў Беларусі.

Рада ААН па правах чалавека на сваёй мінулай сесіі ў чэрвені прыняла адмысловую рэзалюцыю па сітуацыі з правамі чалавека і фундаментальнымі свабодамі ў Беларусі, у якой закраналіся пытанні, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г., паведамляе Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

У рэзалюцыі Рада таксама даручыла Вярхоўнаму Камісару ААН па правах чалавека падрыхтаваць аглядны даклад пра змену становішча палітычных зняволеных, праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў, а таксама іншых пытаннях, якія адлюстроўваюць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

На гэтай сесіі Рады быў прадстаўлены прамежкавы варыянт дакладу, а канчатковая яго версія будзе падрыхтаваная да 20-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў чэрвені 2012 года. На жаль, за час падрыхтоўкі прамежкавага даклада супрацоўнікам Упраўлення Камісара так і не ўдалося атрымаць доступ у краіну для правядзення непасрэднага маніторынгу, таму дадзеныя для даклада былі сабраныя з адкрытых крыніц, публікацый СМІ, дакладаў няўрадавых арганізацый (у тым ліку падрыхтаваных Камітэтам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі), а таксама дакументаў, прадстаўленых беларускімі ўладамі.

У дакладзе адлюстраваныя ўсе найважнейшыя справы палітычных зняволеных у Беларусі, становішча праваабаронцаў — у прыватнасці, нядаўні арышт Алеся Бяляцкага, а таксама становішча адвакатаў, журналістаў, свабода мірных сходаў і асацыяцый.
Значная ўвага таксама нададзеная праблеме катаванняў і жорсткага абыходжання ў краіне.

У межах інтэрактыўнага дыялогу, які суправаджаў прэзентацыю дакладу, была дадзеная магчымасць выказацца дзяржавам-удзельніцам Рады, а таксама назіральнікам.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ў час дэбатаў выказалі сваю нязгоду з дакладам, а таксама недавер працы Упраўлення Вярхоўнага Камісара ў цэлым. Яны неаднаразова паўтарылі, што выступаюць супраць «палітызацыі работы Рады па правах чалавека» і абмеркавання пытанняў, якія датычаць сітуацыі ў якой-небудзь асобнай краіне.
На думку беларускай дэлегацыі, пільная ўвага да сітуацыі ў іх краіне з’яўляецца вынікам ціску Еўрапейскага саюза, які «пераследуе ўласныя эканамічныя інтарэсы ў Беларусі».

Астатнія дзяржавы-ўдзельнікі падзяліліся на два лагеры — краіны, якія выступаюць у падтрымку асвятлення сітуацыі ў Беларусі і прымусу ўладаў да зменаў, і краіны, якія выступаюць «супраць палітызацыі». У падтрымку беларускіх уладаў ужо традыцыйна выказаліся Расія і Куба, а супраць — краіны Заходняй Еўропы, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі.

НДА таксама мелі магчымасць выступіць падчас інтэрактыўнага дыялогу ў якасці назіральнікаў — свае каментары гэтым разам агучылі прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, Міжнароднай Амністыі, Сеткі Дамоў правоў чалавека, а таксама міжнароднага Моладзевага праваабарончага руху (ад імя Сусветнага Альянсу за грамадзянскі ўдзел CIVICUS). Іх выступы датычылі розных вострых пытанняў, звязаных з правамі чалавека ў Беларусі — свабоды мірных сходаў, катаванняў і жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, адмены смяротнага пакарання, а таксама становішча праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў у краіне.

«Нягледзячы на тое, што кожнай НДА даецца толькі 2 хвіліны, за гэтымі выступамі пільна сочаць прадстаўнікі дзяржаваў, потым яны цытуюцца ў афіцыйных справаздачах і дакументах ААН, — кажа Ганна Дабравольская, якая прадстаўляла на сесіі Рады Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. — Мэта гэтых выступаў — не толькі прыцягнуць увагу да нейкага пытання, але і прадэманстраваць, што за гэтым уважліва сочыць міжнародная супольнасць. У сваім выступе я паспрабавала агучыць ключавыя рэкамендацыі па змене сітуацыі са свабодай сходаў у Беларусі, падрыхтаваныя Камітэтам. Сярод іх — змякчэнне пакарання за арганізацыю і ўдзел у „незаконных“ публічных акцыях, а таксама патрабаванне не перашкаджаць працы журналістаў і праваабарончых назіральнікаў падчас іх».

Справа Алеся Бяляцкага, беларускага праваабаронцы, арыштаванага 4 жніўня па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, стала адным з лейтматываў інтэрактыўнага дыялогу.
Згадкі пра яго гучалі ў выступах практычна кожнай з дзяржаваў, а таксама ў каментарах НДА.

Гэтай жа справе было прысвечанае паралельнае мерапрыемства, праведзенае 20 верасня Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека (FIDH) з удзелам Валянціна Стэфановіча, віцэ-прэзідэнта Праваабарончага цэнтра «Вясна», і Ганны Герасімавай, дырэктара Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні (Літва). Падчас мерапрыемства былі агучаныя магчымыя дзеянні ў дапамогу Алесю Бяляцкаму, а прысутныя на сустрэчы дэлегаты дзяржаваў таксама выказаліся ў яго падтрымку і агучылі гатоўнасць аказаць ціск на ўлады Беларусі і садзейнічаць яго найхутчэйшаму вызваленню.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула