БЕЛ Ł РУС

Газон мінскага «Дынама»: ці вытрымае «Барселону»?

26.09.2011 / 11:13

Персанал стадыёна вырашыў усё ж падстрахавацца ад лужын і прасвідраваў на полі адтуліны, якія засыпалі друзам.

Калі не ўсе, то шматлікія СМІ прайшліся катком па газоне «Дынама»: яго называлі балотам, пашай для кароў, танкадромам, гразелячэбніцай… Смалы ў агонь падлівалі і некаторыя трэнеры. У тым ліку ўжо былы галоўны трэнер мінскага «Дынама» Алег Васіленка. Ён не саромеючыся зганьбіў галоўную арэну краіны, дзе гуляе зборная Беларусі і праходзяць еўракубкавыя матчы, за кепскі газон. Што з ім не так? Чаму ўзнікаюць пытанні па якасці поля?

Адно з айчынных інтэрнэт-выданняў трапна заўважыла, што калі б хто-небудзь з працаўнікоў стадыёна або федэрацыі футбола трапіў на аўдыенцыю да чараўніка Гудвіна, то напэўна папрасіў бы на галоўную арэну краіны смарагдавы газон. Бо той па вясне сапраўды сур’ёзна занямог. У чым тут справа, пытанне і складанае, і простае. Як кажа жыццёвая мудрасць, «калі не ведаеш, у чым справа, дык ведай: яна ў грашах». Так яно і выйшла: кашалёк стадыёна не настолькі тоўсты, каб некалькі месяцаў трымаць уключанай сістэму падагрэву, неабходную для падтрымання газона ў добрай форме, а клубы, якія вырашылі гуляць на «Дынама» ў гэтым сезоне, адхілілі прапанову кіраўніцтва арэны падмагчы капейкай. Вось і атрымалася замкнёнае кола.

Тады дырэктар аб’екта Уладзімір Вільчынскі нагадаў, што ў снежні 2010-га і лютым 2011-га на «Дынама» адбыліся матчы Лігі Еўропы. У гэты час трашчалі маразы, пры якіх праводзіць футбольныя матчы вельмі цяжка. У снежні трава была ў спячцы, але яе разбудзілі, даўшы залімітавую нагрузку на сістэму падагрэву. Пасля гульні з кіеўскім «Дынама» яна была адключаная. Чаму? Аказваецца, кошт падагрэву поля ў суткі абыходзіўся ў 2,5 млн рублёў. Да 17 лютага цяпло зноў пайшло пад газонам. Гэта дзякуючы дапамозе клуба БАТЭ. Аднак пасля гульні барысаўскай дружыны супраць французскага «ПСЖ» падача цяпла зноў спынілася. З фінансавых прычынаў.

Зімовыя калатнечы з газонам на «Дынама» далі ў чэрвені французскай камандзе падставы для напісання афіцыйнай скаргі ва УЕФА акурат перад матчам з барысаўчанамі.
І хоць замежнікі ціснулі на нізкую якасць пакрыцця футбольнага поля, гульня на ім адбылася. Скончылася на карысць беларусаў. Дарэчы, кажучы пра прычыны пройгрышу, галоўны трэнер французаў Ларан Блан ні разу не згадаў пра стан газона.

Ці стала пакрыццё футбольнага поля лепшым цяпер, калі засталіся лічаныя дні да матчу барысаўскай каманды супраць еўрапейскага гранда, дзейнага пераможца Лігі чэмпіёнаў «Барселоны»? Па адказ ідзем на стадыён «Дынама».

А там вырашалі надзённыя праблемы: мянялі пакрыццё ў тунэлі выхаду футбалістаў, рамантавалі мачты асвятлення, бегавую дарожку, займаліся малярнымі працамі і мноствам іншых пытанняў.

— Пакрыццё пластыкавых крэслаў настолькі знасілася, што засталася толькі аснова, якая пэцкае вопратку ў белы колер, — кажа кіраўнік. — Гэтыя бялілы не змываюцца вадой. Вырашылі для спецыяльных гасцей замовіць чахлы. Хоць па-добраму пара мяняць крэслы. Што да газона, то ён на матчы з «Барселонай» будзе добрай якасці, калі не… пойдзе дождж. Справа ў тым, што дрэнажнай сістэмы пад полем няма, таму вада не сыходзіць. За тры з паловай гадзіны перад хатнім матчам нацыянальных зборных Беларусі і Босніі і Герцагавіны быў дождж, потым на полі яшчэ доўга стаялі лужыны. Нашы работнікі імкнуліся выправіць сітуацыю, але ў некаторых месцах зрабіць гэта не атрымалася.

Каб не зняславіцца перад гасцямі, ровар вынаходзіць не трэба.

Як адзначае дырэктар стадыёна, дастаткова дэмантаваць сістэму паліву, а на месцы поля выкапаць катлаван, каб зрабіць дрэнаж. Для гэтага неабходны друз рознай фракцыі, пясок, які закрыюць тканінай, каб яго не вымывала. Застанецца толькі купіць і пакласці газон, а потым змантаваць сістэму паліву. На ўсё патрэбныя два экскаватары, пяць самазвалаў і група будаўнікоў. Усе яны прыбудуць да чарговай рэканструкцыі стадыёна. Вось толькі часу да яе яшчэ шмат, а дзейны чэмпіён свету і Еўропы — зборная Іспаніі, а таксама зборная Францыі наведаюць на «Дынама» ужо ў наступным годзе. Да таго ж не выключана, што барысаўскі БАТЭ зноў паспяхова абміне сіта кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў або Лігі Еўропы. І тады ў дні матчаў кіраўніцтву арэны застанецца толькі маліцца на добрае надвор’е… Магчыма, варта разгледзець пытанне аб рэканструкцыі футбольнага поля і выканаць яе ранняй вясной наступнага года.

Дарэчы, напярэдадні матчу БАТЭ і «Барселоны» персанал стадыёна вырашыў усё ж падстрахавацца ад лужын і прасвідраваў на полі адтуліны, якія засыпалі друзам. Паводле словаў Уладзіміра Вільчынскага, калі свідравалі адтуліны ў зямлі, вонкі выкопвалі чалавечыя косці, цагліны, гільзы. Яно і зразумела: «Дынама» пабудавалі на месцы былых габрэйскіх могілак, а падчас Вялікай Айчыннай вайны спартыўны аб’ект пацярпеў ад варожых налётаў.

— Перажываю за стан газона перад прыездам топ-каманд — «Барселоны» і «Мілана», — дзеліцца кіраўнік. — Быццам запрашаю гасцей у непрыбраную кватэру. І нічога не магу зрабіць. З іншага боку, веру, што хутка знойдзецца інвестар, які возьмецца за рэканструкцыю стадыёна.

Пакуль жа, прызнаецца Уладзімір Вільчынскі, цэнтральная арэна краіны ўтрымліваецца выключна за кошт рэчавага рынку. Але гэтых грошай недастаткова.

Яшчэ адзін галаўны боль дырэктара — асвятленне.

— Бачыце шчарбатыя лямпы на асвятляльных мачтах? — паказвае Уладзімір Васільевіч. — Такіх ужо не вырабляюць. Сёлета ў засеках аднаго з расійскіх гарадоў знайшлі 30 штук, заплацілі 44 мільёны рублёў. Глядзелі сустрэчу Лігі Еўропы, якая адбылася ў Аўстрыі, гулялі мясцовы «Штурм» і расійскі «Лакаматыў»? Не? Раптам патухла святло на стадыёне, але праз 40 хвілін матч працягнуўся. З жахам думаю, што было б у нас… Хоць і сілкуюцца асвятляльныя мачты з розных пунктаў, але ва ўсяго свой рэсурс. А абсталяванне стадыёна адпрацавала два-тры тэрміны.

Кіраўнік успамінае папярэднія рэканструкцыі «Дынама»: лаўкі замянілі на пластыкавыя сядзенні, паклалі плітку на верхнім узроўні арэны, уладкавалі бегавыя дарожкі вакол поля. Праўда, з трох этапаў рэканструкцыі ажыццявілі толькі паўтара. Праз адсутнасць сродкаў будаўнікі згарнулі працы. На жаль, так і не дарабілі падтрыбуннае памяшканне, без пліткі застаўся ніжні ўзровень стадыёна, дзіцячая школа футбола не атрымала газон, а таксама дах над ім. Трыбуны «Дынама» засталіся не накрытымі ад непагадзі. Новых пертурбацыяў тут чакаюць з нецярплівасцю, бо кіраўнік Беларусі прапанаваў зрабіць «Дынама» выключна футбольным. Але ёсць адно але: аб’ект — помнік архітэктуры, і гэта абавязкова будуць улічваць падчас выбару інвестара для правядзення поўнай рэканструкцыі стадыёна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула